Тайлянд першым у Паўднёва-Ўсходняй Азіі легалізаваў мэдычную марыхуану

Парлямэнт Тайлянду 25 сьнежня на спэцыяльнай сэсіі прыняў закон, які дазваляе вытворчасьць, выкарыстаньне і захоўваньне марыхуаны ў мэдычных мэтах.

Мэдычная марыхуана шырока выкарыстоўвалася ў краіне да 30-х гадоў XX стагодзьдзя. Але з канца 1970-х гадоў дзейнічала жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Ўжываньне і продаж марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах у Тайляндзе, як і ва ўсіх краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, забаронена і караецца працяглымі турэмнымі тэрмінамі, гэтак жа як і ўвоз наркотыку ў краіну.

Гэтае правіла працягне дзейнічаць і далей: паслабленьні закрануць толькі выпісаныя лекарамі прэпараты. Тым не менш, тайскі закон у выпадку, калі ён будзе падпісаны каралём, зробіць каралеўства першай краінай у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, дзе выкарыстаньне марыхуаны для палягчэньня болю і ў іншых мэдычных мэтах будзе цалкам легальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ ў адной краіне марыхуану пачалі прадаваць як лекі

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту па заканадаўстве Самчай Савангкарн патлумачыў у інтэрвію нацыянальнаму тэлебачаньню, што прыняты закон — «навагодні падарунак ад парлямэнта ўраду і ўсяму тайскаму народу».

Тайскія актывісты настойваюць на тым, каб легалізацыя прадоўжылася і ўжываньне марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах таксама не каралася. Але парлямэнт пакуль не разглядае такога закону.

Мэдычная марыхуана легальная прыкладна ў паўтара дзясятках краін сьвету. Продаж марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах на фэдэральным узроўні пакуль дазволены толькі ў Канадзе і ва Ўругваі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 17 кастрычніка ў Канадзе можна цалкам легальна курыць марыхуану