Зайшоў днямі ў «Кнігарню пісьменьніка». І першае, што кінулася ў вочы — кніга «Минск — город Сталина». Сьпярша падумаў, што гэта нейкі сьцёб. Раскрыў кнігу на «Зьмесьце» і прабег па назвах разьдзелаў.
- «О Минске — городе Сталина говорят его жители и гости».
- «Минск в жизни и деятельности Сталина».
- «Сталин и создание нового Минска».
- «Память о Сталине в Минске».
Які цуд! Захацелася разгарнуць кнігу пасярэдзіне. А там наступнае:
«Вместе с Лениным товарищ Сталин создал Белорусское советское государство. Неуклонно проводимая Коммунистической партией ленинско-сталинская национальная политика обеспечила небывалый подъём народного хозяйства, рост благосостояния и культуры нашей страны».
Успомніўся Высоцкі. «Открою кодекс на любой странице. И не могу, читаю до конца».
«Заветной мечтой народа было, чтобы товарищ Сталин увидел плоды нашего труда, чтобы побывал он на наших стройках и богатых полях, чтобы сказал нам дорогое слово за беседным народным столом!»
Вось жа, не старэюць душой вэтэраны! І нехта ж выдае гэтага старога ёлупня. Зірнуў на назву выдавецтва і азадачыўся.
Дык гэта ня проста кніга. А кніга з будучыні!
Затым я паглядзеў на наклад і ледзь не прасьлязіўся. 50 асобнікаў. Няйначай, стары маразматык, чыя маладосьць прыпала на канец саракавых гадоў, вырашыў такім чынам выявіць сваю любоў да правадыра. Уяўляўся ссохлы старычына ў драпавым задрыпаным палітоне з пляшывым каракулевым каўняром і ў праедзенай мольлю пыжыкавай шапцы. Які па капеечцы адкладваў на выданьне кнігі свайго жыцьця. Ці, можа, сваякі сабралі дзеду патрэбную суму, каб зрабіць прыемнае. Тады зразумелым становіцца год выданьня. У 2019-м яму, няйначай, стукне круглая дата. Гадоў 80.
Я загугліў прозьвішча аўтара і яшчэ больш зьбянтэжыўся. Іван Турлай — ніякі не стары маразматык. Яму няма і сарака гадоў. Ён дацэнт эканамічнага факультэту БДУ, быў на дыпляматычнай службе. За ягонымі плячыма асьпірантура БДУ, прэмія Міжнароднага Алфёраўскага фонду падтрымкі адукацыі і навукі, падзяка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту за плённую навукова-пэдагагічную дзейнасьць.
З усяго вынікала, што маразматык, які застаўся ў сваёй антысталінскай перабудове, гэта я. А малады аўтар робіць бліскучую карʼеру, вучыць студэнтаў радзіму любіць і сьмела зазірае ў будучыню. У трэндзе — ён, а мне трындзец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытанка: Ці трэба вярнуць помнік Сталіну? ВІДЭАЗьбянтэжаны, я выйшаў з «Кнігарні пісьменьніка». І ў той жа дзень праходзіў каля іншай кнігарні. «Кніжная шафа» на праспэкце Дзяржынскага. Зайшоў. Асноўная маса кніг — беларуская літаратура. Ад народных казак і календароў да Бахарэвіча з Марціновічам.
— І як вы тут выжываеце? — зьдзівіўся я. — Што купляюць найперш?
— Найперш купляюць дзіцячыя кнігі на беларускай мове, — усьміхнулася маладая прадавачка. — Гэта ў нас самая прыбытковая справа. Бо раён новы. Шмат маладых семʼяў. Людзі збольшага прасунутыя і ня бедныя. Дзецям казкі, бацькам Марціновіч.
— А ці ёсьць у вас «Мінск — горад Сталіна»?
Дзяўчына паглядзела на мяне са спачуваньнем і няёмкасьцю. Быццам на мне драпавы зашмальцаваны палітон.
Вядома, Савецкі Саюз канчаткова не сканаў 27 гадоў таму. Ён яшчэ мае прыхільнікаў, якія настальгуюць па плямбіры і карбідзе. Вось толькі пра «жыгулі» яны ўжо ня мараць. І «ол інклюзіў» у натаўскай Турцыі на барак у Крыме не памяняюць. Ня кажучы ўжо пра замену «папіццот» на сталінскі «працадзень».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: #КДБ101. Як у Беларусі ўшаноўваюць Дзяржынскага ды іншых «чэкістаў»