Міністр абароны Джым Мэтыс, генэрал марской пяхоты ў адстаўцы, пакіне свой пост у канцы лютага. Пра гэта напісаў увечары 20 сьнежня ў Twitter прэзыдэнт Дональд Трамп.
«За час працы Джыма быў дасягнуты вялізны прагрэс, асабліва ў сфэры закупак новых узбраеньняў, — піша Дональд Трамп. — Генэрал Мэтыс аказаў мне вялікую дапамогу ў працы з нашымі саюзьнікамі і іншымі краінамі».
Ён дадаў, што неўзабаве назаве імя новага кіраўніка Пэнтагону, і яшчэ раз падзякаваў Мэтысу за ягоную службу.
Адстаўка Джыма Мэтыса ня стала нечаканасьцю: пра гэта загаварылі ў сераду, калі Трамп абвясьціў аб вывадзе амэрыканскіх вайскоўцаў з Сырыі. Прэзыдэнт зрабіў гэтую заяву, нягледзячы на шматлікія пярэчаньні з боку кіраўнікоў Пэнтагону і саюзных краінаў.
Упершыню чуткі пра магчымую адстаўку Мэтыса зьявіліся ў кастрычніку, калі ў інтэрвію CBS Трамп заявіў, што кіраўнік Пэнтагону «трохі дэмакрат», і выказаў здагадку, што Мэтыс можа неўзабаве пакінуць сваю пасаду.
Адразу пасьля цяперашняга выступленьня Трампа ў інтэрнэце Джым Мэтыс апублікаваў афіцыйную заяву аб сыходзе. У сваім лісьце ён выказаў надзею, што на пасаду міністра абароны будзе прызначаны чалавек, які цалкам падзяляе погляды прэзыдэнта на абаронную палітыку краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Пэнтагону заклікаў да перамоваў з Расеяй «з пазыцыі сілы»