Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык 20 сьнежня расказаў Аляксандру Лукашэнку пра самыя гучныя факты карупцыі, выяўленыя ў Менску. Гэта адбылося падчас нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Менску, піша БелТА.
«У Менску карупцыйныя праявы выяўляюцца па ўсіх сфэрах, узроўнях і кірунках — ад кіраўніцтва Менгарвыканкаму і прамысловых гігантаў да раённых паліклінік і школьных сталовак», — сказаў старшыня КДБ.
1. «Паборы» з камбінатаў школьнага харчаваньня і гандлёвых прадпрыемстваў.
«Ня грэбавалі нічым. Грошы бралі ў тым ліку з школьных сталовак, усталяваўшы цьвёрдую штомесячную таксу. Дзеля гэтага дзецям зьмяншалі порцыі, перапрацоўвалі нязьедзеныя рэшткі ці папросту мянялі рэцэптуру», — сказаў Вакульчык
2. Шэраг злачынстваў, калі фігуранты адчувалі беспакаранасьць і бязьдзейнасьць вышэйшых чыноўнікаў. Прыклады не канкрэтызуюцца.
«Замест прынцыповага падыходу да карупцыянэраў гарадзкая ўлада пайшла па шляху выгароджваньня сваіх. А тыя, хто мусіць стаяць сьцяной супраць карупцыйных праяваў, самі сталі актыўнымі ўдзельнікамі ці, у лепшым выпадку, далікатна закрывалі вочы», — сказаў Вакульчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў узмацніць пакараньне за карупцыю3. 64 недарагія кватэры прадалі «камэрсанту».
«У выніку замест менчукоў, якім сапраўды неабходна было жытло, недарагія кватэры на фармальна законных падставах набывалі набліжаныя супрацоўнікі Ўпраўленьня камунальнага будаўніцтва і знаёмыя. Прычым у большасьці выпадкаў не для сябе, а для далейшага перапродажу з добрай маржой», — сказаў Вакульчык.
4. Кіраўнікі галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку прыходзілі ў ЦУМ па тавары і не плацілі за іх, а таксама арганізоўвалі банкеты ў менскіх рэстарацыях за кошт падначаленых прадпрыемстваў.
«Маючы немалыя заробкі, некаторыя службовыя асобы апускаюцца да адкрытага рвацтва», — сказаў старшыня КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: #КДБ101. Як у Беларусі ўшаноўваюць Дзяржынскага ды іншых «чэкістаў»5. Адзін зь дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску, які ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, штотыдзень у чацьвер задарма атрымліваў прадуктовыя наборы з адной сеткі крамаў.
«Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Звычайныя рыба, курыца, алей, пяльмені і нават марозіва — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым замовы паступаюць ня толькі ад яго і ягонай жонкі, але і ад іхніх сваякоў» — сказаў Вакульчык.
6. Прапрацоўка Менскім водаканалам пытаньня замены пакватэрных лічыльнікаў вады на новае абсталяваньне дыстанцыйнага кіраваньня. Кошт замены можа скласьці 75–250 млн рублёў.
«Пытаньне, што рухае службовымі асобамі водаканалу ў рэалізацыі ідэі новых лічыльнікаў — просты непрафэсіяналізм ці ўжо паабяцаныя стымулы з боку камэрсантаў, якія лабіруюць пастаўкі», — сказаў Вакульчык пра магчымы карупцыйны складнік.
20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў узмацніць пакараньне за карупцыйныя злачынствы.
Паводле Крымінальнага кодэксу
- атрыманьне хабару караецца пазбаўленьнем волі на 3–15 гадоў;
- злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі — пазбаўленьнем волі на 3–10 гадоў;
- даваньне хабару — пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.