Патрыярх Кірыл заклікаў праваслаўныя цэрквы сьвету не прызнаваць новую царкву Ўкраіны

Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава і Мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой. Пасланьне было апублікаванае на афіцыйным сайце Маскоўскага патрыярхату.

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы сьцьвярджае, што правядзеньне аб’яднальнага сабору новай памеснай царквы ва Ўкраіне нанесла «цяжкую рану кананічнаму праваслаўю ў гэтай краіне і ва ўсім сьвеце». У саборы, паводле патрыярха Кірыла, удзельнічалі «ілжэяпіскапы» з «раскольніцкага» Кіеўскага патрыярхату і «некананічнай» Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі ізноў абвінаваціў кіраўнікоў украінскай дзяржавы ў грубым умяшаньні ў царкоўныя справы.

Ліст з заклікам не прызнаваць новаствораную Ўкраінскую праваслаўную царкву Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл накіраваў наступным праваслаўным герархам: Патрыярху Александрыйскаму Тэодару ІІ, Патрыярху Антыяхійскаму Яну Х, Патрыярху Ерусалімскаму Тэафілу ІІІ, каталікосу-патрыярху ўсяе Грузіі Ілію ІІ, Патрыярху Сэрбскаму Ірынею, Патрыярху Румынскаму Данілу, Патрыярху Баўгарскаму Нэафіту, Архіяпіскапу Кіпрскаму Хрызастому ІІ, Архіяпіскапу Атэнскаму і ўсяе Элады Гераніму ІІ, Архіяпіскапу Тыранскаму і ўсяе Альбаніі Анастасію, Мітрапаліту Варшаўскаму і ўсяе Польшчы Саву, Мітрапаліту Чэскіх земляў і Славаччыны Расьціславу, Мітрапаліту ўсяе Амэрыкі і Канады Ціхану.

Your browser doesn’t support HTML5

Руская царква цісьне Ўкраіну за тое, што сама ж зрабіла 570 гадоў таму

15 сьнежня на аб’яднальным саборы ў Кіеве аб стварэньні новай Украінскай праваслаўнай царквы абвясьціў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Раней ён назваў атрыманьне Ўкраінскай праваслаўнай царквой аўтакефаліі «геапалітычнай катастрофай тысячагодзьдзя» для Ўладзіміра Пуціна. «Гэта царква без малітвы за расейскую ўладу і за расейскае войска. Таму што расейская ўлада і расейскае войска забівае ўкраінцаў», — заявіў Парашэнка.

Крызіс вакол царквы ва Ўкраіне разгарэўся пасьля таго, як 11 кастрычніка Сынод Усясьветнага патрыярхату падтрымаў наданьне аўтакефаліі ўкраінскай памеснай царкве, адмяніўшы рашэньне 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату. Сынод РПЦ пастанавіў перапыніць эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопальскім патрыярхатам.

РПЦ лічыць адзінай кананічнай царквой на тэрыторыі Ўкраіны Ўкраінскую праваслаўную царкву (Маскоўскага патрыярхату), кіраўніка якой зацьвярджаюць у Маскве.