Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне карупцыйнай крымінальнай справы супраць былой старшыні камітэту эканомікі Гомельскага аблвыканкаму. Паводле СК, падчас працы ў радзе садзейнічаньня прыцягненьню інвэстыцый абвінавачаная «аказвала пратэкцыю» юрыдычнай асобе, адным з заснавальнікаў якой быў яе зяць.
Эльвіра Карніцкая кіравала камітэтам эканомікі 10 гадоў і звольнілася 19 красавіка. Праз 6 дзён пасьля супраць яе завялі крымінальную справу. У Гомельскім аблвыканкаме сьцьвярджалі, што чыноўніца сышла па згодзе бакоў і «ніякага крыміналу тут няма».
Што кажуць сьледчыя?
У 2013 годзе аблвыканкам і юрыдычная асоба, сузаснавальнікам якой быў зяць Карніцкай, заключылі інвэстыцыйную дамову: кампанія цягам 6 месяцаў мусіла рэалізаваць праект «Арганізацыя вытворчасьці фарбаваных фасадаў паводле індывідуальных замоў».
У 2016 годдзе інвэстар замову яшчэ ня выканаў. Пры садзейнічаньні Карніцкай тэрмін дамовы працягваўся. Гэта дазволіла інвэстару пазьбегчы штрафу і сплаты падатку на дададзеную вартасьць пры ўвозе ў Беларусь тэхналягічнага абсталяваньня для выпуску прадукцыі.
Вытворчасьць не была наладжаная, але абвінавачаная «незаконна прыняла ў эксплюатацыю вытворчы абʼект». І гомельскі аблвыканкам прызнаў, што інвэстар выканаў абавязаньні ў поўным абʼёме.
Што цяпер будзе?
Паводле ч. 3 арт. 424 КК Беларусі «Злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі» Карніцкай пагражае:
- ад 3 да 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці ці безь яе;
- пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.
Супраць зяця Карніцкай завялі крымінальную справу.
Гомельскі аблвыканкам атрымаў практычныя парады, як удасканаліць кантроль за рэалізацыяй інвэстыцыйных праектаў.
У красавіку за атрыманьне хабару затрымалі былога кіраўніка Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцу. 4 сьнежня ў судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы за хабар і «падрыў аўтарытэту ўлады», Сітніцу пагражае да 15 гадоў турмы. Паводле абвінавачваньня, ён браў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў за лабіяваньне іх інтарэсаў. У прыватнасьці, за атрыманьне зямельнага ўчастку для будаўніцтва прадпрыемства, паскарэньне бюракратычных працэдур, «выбіваньне» з калгасаў платы за паслугі прыватных структур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольніўся гомельскі чыноўнік, якога ўжо «звальнялі» за прымусовую ўборку лёну