Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольніўся гомельскі чыноўнік, якога ўжо «звальнялі» за прымусовую ўборку лёну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскім аблвыканкаме — вакансія. Звольнены першы намесьнік старшыні Аляксандар Мікалуцкі. Чыноўнік, якога ўжо «звальнялі» на словах раней, адказваў за сельскую гаспадарку, вакол якой апошнім часам было шмат скандалаў. У тым ліку карупцыйных.

«Звольніўся па сваім жаданьні. Ён яшчэ ў лютым напісаў заяву на звальненьне», — сказала Свабодзе прэсавы сакратар аблвыканкаму Вольга Рабікава.

Аляксандар Мікалуцкі не патлумачыў Свабодзе прычыны свайго рашэньня і кінуў слухаўку.

56-гадовы Аляксандар Мікалуцкі заняў пасаду першага намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму ў сьнежні 2015 году. Да гэтага ён узначальваў Жыткавіцкі райвыканкам.

Двух папярэднікаў звольнілі за карупцыйныя справы

Пасада першага намесьніка старшыні аблвыканкаму стала вакантнай у сьнежні 2015 году — пасьля затрыманьня праваахоўнымі органамі Аляксандра Максіменкі. Ён падазраваўся ва ўдзеле ў «мясных махінацыях» — крымінальнай справе, распачатай у дачыненьні да генэральнага дырэктара Гомельскага мясакамбінату Рычарда Стэфановіча. У час сьледзтва Максіменка пазьбегнуў крымінальнага перасьледу і на судзе выступаў сьведкам.

Аляксандар Максіменка, у сваю чаргу, стаў першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму ў 2014 годзе. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Віктара Банчука. Апошні ў 2014 годзе быў арыштаваны па карупцыйных артыкулах. У 2016 годзе суд прысудзіў Банчуку чатыры гады пазбаўленьня волі.

Скандал з уборкай лёну і «схільная да карупцыі» сельская гаспадарка

Летась у Гомельскай вобласьці праводзілі «народную ўборку лёну» ў канцы лістапада.

Добраахвотна-прымусова прыбіраць лён з абласнога цэнтру накіравалі каля дзьвюх тысяч чалавек — супрацоўнікаў прадпрыемстваў, студэнтаў, курсантаў. Такая практыка выклікала крытыку з боку Лукашэнкі, які запатрабаваў пакараць вінаватых. У выніку быў вызвалены ад пасады старшыня камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага аблвыканкаму Дзьмітры Петражыцкі.

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы анансаваў звальненьне першага намесьніка старшыні аблвыканкаму Аляксандра Мікалуцкага, які адказваў у вобласьці за сельскую гаспадарку. Але той застаўся на ранейшай пасадзе.

Тыдзень таму Генэральная пракуратура паведаміла, што на працягу шэрагу гадоў сельская гаспадарка ў Гомельскай вобласьці — «адна з найбольш схільных да карупцыі галін эканомікі». За шэсьць месяцаў 2018 году ў гэтай сфэры зарэгістравана 47 злачынстваў супраць інтарэсаў службы, пры тым, што за цэлы 2017 год — 52.

«Хабарніцтва і крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі — самыя распаўсюджаныя злачынствы ў дадзенай сфэры. Яны прычыняюць шкоду дзяржаве ў асабліва буйным памеры, падрываюць аўтарытэт улады. А гэта абсалютна недапушчальна», — выказаўся пракурор вобласьці Віктар Марозаў.

КДК Гомельскай вобласьці выявіў факты прыпісак у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Добрускага раёну. Былі распачатыя 6 крымінальных спраў.

У схему прыпісак былі ўцягнутыя шэсьць з дванаццаці гаспадарак Добрускага раёну.

Як адзначае КДК, за масавымі прыпіскамі кіраўнікі і галоўныя спэцыялісты гаспадарак хавалі безгаспадарчасьць. У ААТ «Чырвоная Буда» і «Жгунскае» былі выяўлены нястачы кароў — 205 і 26 галоў адпаведна. Падзеж жывёлы таксама хаваўся.

Гомельская вобласьць на ўборцы збожжа ў 2018 годзе папярэдне заняла апошняе месца. Такое за шэраг гадоў — упершыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG