«Вы ня мусіце шукаць аніякіх адгаворак. Вашая задача — падоўжыць сэсію і прыняць законапраект». Ранкам 20 сьнежня сваякі зьняволеных паводле 328-га артыкулу прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў і патрабавалі працягнуць разгляд законапраекту.
19 сьнежня на сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутаты выключылі з законапраекту аб зьменах у Крымінальны кодэкс папраўкі ў так званы «антынаркатычны» 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.
Наступная сэсія пачнецца толькі 2 красавіка. Тады да разгляду зьменаў у 328 артыкул могуць вярнуцца разам зь іншымі папраўкамі. Паводле дэпутата Васіля Чэкана, які прадстаўляў дакумэнт на сэсіі, застаюцца супярэчнасьці зь «некаторымі дзяржаўнымі структурамі наконт мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства адклалі на няпэўны тэрмінПазьней ён удакладніў для журналістаў, што гаворка пра МУС і Вярхоўны суд.
Ранкам 20 сьнежня сваякі зьняволеных паводле 328-га артыкулу прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў і запатрабавалі працягнуць разгляд законапраекту. Зь імі сустрэліся старшыня камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч і дэпутат Васіль Чэкан.
«Сваімі дзеяньнямі вы капаеце Лукашэнку яму ў поўны рост, бо народ бачыць уладу праз вас», — сказала адна з маці падчас сустрэчы са старшынём камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Валянцінам Міхневічам і дэпутатам Васілём Чэканам.
«Што вы можаце паабяцаць па гэтым законапраекце?», — запыталася прадстаўніца Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, каб падвесьці вынікі сустрэчы.
«Што мы будзем зь ім працягваць працаваць», — адказаў Валянцін Міхневіч.
Дамагчыся сустрэчы са старшынём палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам «Маці 328» не ўдалося.
«Я не кажу вам дзякуй за вашую працу. На жаль, вы не далі рады той задачы, якую народ на вас усклаў. Вашая задача была зрабіць так, каб напружаньне ў грамадзтве спала да мінімуму. Вы абяцанкамі задурылі галаву маці», – сказала ў канцы сустрэчы актывістка руху Тацяна Канеўская.
У чаканьні старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі актывісткі правялі каля 5 гадзін. Ён да іх так і ня выйшаў. Каля 15-й гадзіны дня актывісткі пакінулі будынак Палаты і накіраваліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
«Мы хочам напісаць пра тое, што Палата прадстаўнікоў і нашыя дэпутаты ў гэтай сэсіі не спрацавалі. Яны не адпавядаюць сваім пасадам. Яны не зрабілі таго, што павінны былі зрабіць. Знайшлі тысячу адмазак, каб не прыняць законапраект. Мы зразумелі, што гэта іхная віна», — сказала Радыё Свабода Тацяна Канеўская.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.