Паўночная Карэя заяўляе, што не адмовіцца ў аднабаковым парадку ад сваёй ядзернай зброі, калі Злучаныя Штаты першыя не ліквідуюць ядзерную пагрозу са свайго боку. Такую заяву 20 сьнежня распаўсюдзіла Карэйскае цэнтральнае агенцтва навінаў на тле ядзерных перамоваў паміж Вашынгтонам і Пхэньянам, што зайшлі ў тупік.
Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сустрэліся ў чэрвені 2018 году у Сынгапуры, дзе агучылі мэту «поўнай дэнуклеарызацыі» Карэйскай паўвыспы без удакладненьняў, калі і як гэта павінна адбыцца.
Ад таго часу ў перамовах аб ядзерным раззбраеньні Паўночнай Карэі не было адчувальнага прагрэсу. Вашынгтон хоча, каб КНДР прадставіла дакладную справаздачу аб уласных ядзерных і ракетных магутнасьцях, якія, згодна з патэнцыйным пагадненьнем, павінны быць агледжаныя і дэмантаваныя.
Са свайго боку Пхэньян настойвае на тым, што спачатку ЗША павінны адмяніць санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя паведаміла аб выпрабаваньні новай зброіНапярэдадні, 19 сьнежня, адмысловы прадстаўнік ЗША ў пытаньнях Паўночнай Карэі Стывэн Бігэн паведаміў, што Вашынгтон разглядае магчымасьць паслабленьня абмежаваньняў на перамяшчэньне па КНДР, каб спрыяць перавозцы гуманітарных грузаў. Такая саступка б мела на мэце разбракаваць ядзерныя перамовы.
Раней амэрыканская выведка неаднаразова заяўляла пра тое, што КНДР ня робіць рэальных крокаў па дэнуклеарызацыі, нягледзячы на дамоўленасьці паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ыном. Са свайго боку, прэса КНДР абвінаваціла ЗША і Паўднёвую Карэю ў падрыве пагадненьня, накіраванага на зьніжэньне напружанасьці ў рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім Чэн Ын пагадзіўся на другі саміт з Трампам