На маскоўскіх Нікола-Архангельскіх могілках, дзе пахаваны Ўладзімер Дубоўка, чысьціня і супакой. З самай раніцы ўжо расчышчаныя прысады і сьцежкі, ахайна зьмецены сьнег з інфармацыйных стэндаў.
У кожным куце ціха, засяроджана мятуць і чысьцяць супрацоўнікі могілак — іх тут з раніцы шмат. Да брамы пад’яжджае машына з надпісам «Альпинисты» — на могілках шмат дрэваў, нейкае, значыцца, будуць акуратна выразаць.
Дубоўку там адзінока. У сэкцыі закрытага калюмбарыя дзьве ўрны — ягоная і жонкі Марылі Пятроўны — рэдка адчуюць дотык далоні жывога чалавека звонку гіпсавай ячэйкі. Але людзі ўсё ж бываюць: ведаю, што да мяне сюды заяжджала здымачная група «Белсату», і я заўважаю, што яны па-мастацку разгарнулі і пераблыталі кветкі, покуль рабілі ўдалы кадар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Севярынец: Паэзія Дубоўкі гарманічная, як музыка МоцартаДастаю ўсе і перакладаю па-свойму: тут бела-чырвона-белыя гвазьдзікі, ружова-сьнежная сакура, белы і чырвоны яблыневы квет, ну, і абавязкова — «обеларусьмаяшыпшына», штучныя кусьцікі зь яркімі чырвонымі бобачкамі. Прыгожа, і бачна: усё ж не зарастае сьцежка.
На ячэйцы напісана — «Белорусский писатель Владимир Дубовка». Па-расейску. Пры Дубоўкавым жыцьці яму двойчы прапаноўвалі перайсьці на расейскую і спакойненька сабе пісаць на мове большасьці: упершыню — за тры месяцы да арышту такую прапанову зрабіў яму сакратар аддзелу агітацыі і прапаганды пры ЦК ВКПБ Кержанцаў, каб абараніць добрага знаёмага ад перасьледу. Другі раз — у шасьцідзясятыя, пасьля рэабілітацыі ўжо, калі беларускі Саюз пісьменьнікаў адмовіўся вырашаць справы Дубоўкі з жытлом у Менску і кватэру далі ад СП СССР у Маскве. Абодва разы Дубоўка адмовіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч падтрымала выданьне збору твораў Дубоўкі, які сярод іншага ўвёў у мову слова талакаЖывучы ў Маскве, пісаць вершы і ляжаць навечна ён хацеў па-свойму. Марыля Пятроўна ўспамінала, што ён некалькі разоў заводзіў гутарку пра тое, дзе б хацеў быць пахаваным. «У Менску, вядома ж, не дазволяць. Мо, там, дзе матчыны ўсе ляжаць, у Язах?» Але потым махаў рукой. Хто ж будзе гэтым займацца.
І таму ён ляжыць на чужой зямлі пад чужой мовай.
А дзе ж яшчэ яму ляжаць? На Вайсковых могілках, дзе па агароджах разьвешваюць ганебныя таблічкі з заклікам прывесьці пахаваньне ў парадачак? «Ну как ты не понимаешь, все эти ваши ограды, все эти ваши памятники фигурные, они же мешают нам косить!» — са сьлязьмі ў голасе тлумачыў мне супрацоўнік Спэцкамбінату. Ці на Кальварыі, дзе хутка чакаем тую самую апэрацыю па добраўладкаваньні? Дзе яшчэ?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не чапай маіх кругоўКуды забраць Багдановіча, Жылку, Бядулю? Дзе мы дадзім ім памяць і супакой? Дзе, на якіх могілках у нас будзе ім добра?
«Божа, як добра, што Літва некалі адцягала ў беларусаў Вільню. Хаця б горад захаваўся», — чула такое ня раз. «Госпадзе, Уладзімер Мікалаевіч, як добра вам тут ляжаць, у бясьпецы, — думаецца мне пасярод маскоўскіх могілак. — Ніхто таблічкі не павесіць, ніхто кветак ня выкіне. Супакой і павага».
Усюды добра беларусу. Цягавіты, цярплівы, маўклівы, у кожнай краіне ён — да справы, чаму не? Адно дома блага. Ня так жывеш, ня так пішаш, ня так памёр, ня так закапалі. Ня тую агароджу паставілі. Блага. Нават мёртваму.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.