Журналіст уплывовай польскай газэты «Rzeczpospolta» Анджэй Ламаноўскі піша ў сёньняшнім нумары выданьня пра «адчайнае змаганьне Лукашэнкі за захаваньне сувэрэнітэту».
Саветоляг і былы карэспандэнт польскіх СМІ ў Маскве і Кіеве канстатуе на пачатку свайго фэльетону, што «Аляксандар Лукашэнка гвалтоўна супраціўляецца лягічным наступствам уласнай ідэі».
«У 1998 годзе, калі беларускі лідэр з энтузіязмам падпісваў умову аб асаюзе з Расеяй, ён марыў, што заменіць у Крамлі хворага Ельцына, які злоўжываў алькаголем», — піша Ламаноўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агульныя валюта, суд і мытня. Мядзьведзеў у Берасьці патлумачыў, якой інтэграцыі зь Беларусьсю хоча РасеяЦяпер, на думку журналіста, пераемнік Ельцына выставіў сур’ёзны рахунак за яго мары. Паводле Ламаноўскага, Лукашэнка прадаў расейцам асноўную прамысловую інфраструктуру і люта падаўляў любыя праявы беларускага патрыятызму
«Ён запазычыўся ў расейскага суседа настолькі, што Масква, у прынцыпе, магла б абвясьціць Беларусь банкрутам — калі б толькі хацела», — піша Ламаноўскі.
Паводле яго, афіцэрскі склад беларускай арміі з энтузіязмам глядзіць на магчымае аб’яднаньне з Расея. Гэтаксама, піша Ламаноўскі, на маскоўскі ціск глядзіць і кіраўнічы апарат, бо гэта адкрывае ім шлях да кар’ернага росту. І беларускія спэцслужбы, на ягоную думку, не захочуць «паміраць за Бацьку».
«Да гэтага часу Бацька заўсёды неяк выкручваўся. Але цяпер супраць яго ўсё і ўсе. Трэба задумацца, з кім мы будзем межаваць на ўсходзе», — піша журналіст газэты «Rzeczpospolita» Анджэй Ламаноўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Падзяліць Беларусь на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі»