Ватыкан патлумачыў, што рабіць з касьцёламі, якія не выкарыстоўваюцца

17 сьнежня Папская рада па культуры абнародавала інструкцыю пад назвай «Закрыцьцё і новае касьцельнае выкарыстаньне сьвятыняў» (La dismissione e il riuso ecclesialedi chiese).

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, інструкцыя падкрэсьлівае, што перавага заўсёды павінна надавацца культурным, сацыяльным і дабрачынным мэтам. Выключаецца камэрцыйнае выкарыстаньне касьцельных каштоўнасьцяў.

У Рыме ўжо сёньня не выкарыстоўваецца больш за палова касьцёлаў, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры Вечнага горада.

«Вернікаў не павінен абураць той факт, што гэтыя месцы прызначаюцца для несакральнага выкарыстаньня, пры ўмове, што гэта ня будзе ў дысанансе з першапачатковым прызначэньнем сьвятыні: у якасьці музэяў, бібліятэк, архіваў, культурных цэнтраў, месцаў сустрэчы грамадзянскай супольнасьці, а таксама для дабрачынных мэтаў», — сказаў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі.

Старшыня Папскай рады па культуры зазначыў, што падобныя ініцыятывы не зьяўляюцца прафанацыяй, але, хутчэй, «часовай дэсакралізацыяй».