Гадавіны і юбілеі БССР звычайна сьвяткаваліся безь вялікай пыхі і губляліся ў пераднавагодняй мітусьні. Але было ў гісторыі адно выключэньне — сьнежань 1968 году. 50-годзьдзе БССР і Кампартыі Беларусі адзначалася зь нечуваным да таго часу размахам.
Вайсковы парад сярод навагодніх ёлак
27-га сьнежня 1968 году ў Менск для ўдзелу ў сьвяткаваньнях прыбыў генэральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў, а разам зь ім ледзь не палова палітбюро. Прыехалі цягніком і не на некалькі гадзін — ажно на тры дні. Адметна, што адбывалася гэта ўсяго праз тры месяцы пасьля ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну. Сустрэча Брэжневу была наладжана адпаведная, з вывадам на вуліцы «прадстаўнікоў працоўных калектываў». Беларускія газэты таго часу паведамлялі: «Па шляху руху картэжу таварыша Л.І.Брэжнева тысячы мінчан сардэчна віталі дарагога госьця».
Галоўным аб’ектам, узьведзеным адмыслова да юбілею, быў будынак ВДНГ — на той час супэрсучасны, лёгкі, нечаканы на тле стандартных «хрушчовак», якія штампаваліся тады сотнямі. Чырвоную стужку на парозе новага будынка перарэзваў асабіста Брэжнеў. Першымі наведнікамі былі члены крамлёўскага палітбюро. Экскурсію для высокага начальства праводзіў асабіста П.Машэраў.
Знарок каб увекавечыць юбілей, двум маладым і пэрспэктыўным беларускім прадпрыемствам — Віцебскаму дывановаму камбінату і Полацкаму хімічнаму камбінату ўрадавым рашэньнем у той дзень было прысвоена імя 50-годзьдзя БССР.
На наступны дзень — вялікі ўрачысты сход у новым тады Палацы спорту. Маладжавы і падцягнуты Машэраў трымае сьцяг, бадзёры Леанід Ільіч самастойна, без староньняй дапамогі прышпільвае ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі — трэці і апошні савецкі ордэн на сьцягу БССР.
А на трэці дзень сьвяткаваньняў — вайсковы парад і дэманстрацыя працоўных на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкая) плошчы. Гэта быў адзін зь вельмі рэдкіх за многія дзесяцігодзьдзі выпадкаў, калі падобныя ўрачыстасьці адбываліся ў марозным пераднавагоднім Менску. Урадавая трыбуна — на тле заінелых дрэў Аляксандраўскага сквэру. Члены і кандыдаты ў члены палітбюро — у драпавых паліто і футравых шапках. На заднім пляне — два вялізныя партрэты — Карла Маркса і Ўладзіміра Леніна. Партрэты членаў палітбюро ў той час яшчэ, відаць, вывешваць не было прынята: такая завядзёнка зьявіцца пазьней.
Усё астатняе чымсьці нагадвала традыцыйныя сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці пры Лукашэнку: спачатку — вайсковы парад, потым перад трыбунай — «БелАЗы», «МАЗы», трактары ды іншая тэхніка, якая павінна была сьведчыць пра індустрыяльныя посьпехі рэспублікі. Адметна, што, калі меркаваць па старых фатаздымках, сьвяточнае афармленьне калёнаў было тады пераважна беларускамоўным.
Ну, і яшчэ адрозьненьне ў тым, што на трыбуне было шмат гасьцей з-за межаў Беларусі, у тым ліку кіраўнікі Ўкраіны, Грузіі, Эстоніі.
«Хто нас заклікае піць гарэлку? Генэральны сакратар нашай партыі»
Увечары 29 сьнежня быў вялікі прыём ад імя кіраўніцтва БССР — у рэстаране гасьцініцы «Юбілейная». У прэсе падрабязнасьці яго, вядома ж, не асьвятляліся, а вось у памяці запрошаных ён застаўся надоўга.
Адным з тых, хто прысутнічаў на ўрадавым банкеце, быў Апанас Кавалёў — вэтэран партыі, які ў 1937-1938 гадах узначальваў урад БССР, потым быў рэпрэсаваны, у 1943 годзе рэабілітаваны, але на высокія дзяржаўныя пасады больш вернуты ня быў — да пэнсіі працаваў намесьнікам старшыні Белспажыўсаюзу. У канцы 1989 году ў сваім лісьце да расейскага гісторыка Роя Мядзьведзева Апанас Кавалёў успамінаў:
«Прыём быў прызначаны на нядзелю, 29 сьнежня 1968 году, а 15 гадзіне ў рэстаране гасьцініцы «Юбілейная». Усе ведалі, што прыём будзе з удзелам Л.І.Брэжнева. У прызначаны час усе былі на месцы. Наверх не запрашалі, чакалі ўнізе прыезду Брэжнева.
Ён зьявіўся ў 18 гадзін у суправаджэньні П.М.Машэрава і Ц.Я.Кісялёва, яны старанна карэктавалі ягоную паходку. Усіх запрасілі падняцца наверх, у банкетную залю. Вачам сваім я не паверыў, убачыўшы ў зале сталы, застаўленыя гарэлкай, каньяком, віном, багацьцем далікатэснай закусі. Асобна сіратліва стаялі бутэлькі зь мінэральнай вадой.
Усе рассаджваліся па сваіх месцах, указаных у запрашэньні. Маё месца было за сёмым сталом, гэта зусім недалёка ад цэнтральнага стала. Я мог добра бачыць і чуць Брэжнева. Прыём адкрыў Машэраў. Пачалося прамаўленьне тостаў у гонар вялікага госьця. Зь першай чаркі было ціха, другая ўзьняла актыўнасьць прысутных. З трэцяй чаркі і далей раздаваліся воклічы, усе спаборнічалі — хто гучней. Ля цэнтральнага стала выступала жанчына, гаварыла спакойна, талкова, хоць шум у зале часта заглушаў ейныя словы. Нечакана яе перапыніў Брэжнеў.
«Я люблю жанчын, — пачаў ён, — усё жыцьцё быў да іх неабыякавы, далібог неабыякавы. Я і цяпер неабыякавы...» Побач са мной сядзелі два генэралы арміі. Адзін зь іх уздыхнуў, паглядзеў у бок Брэжнева і сказаў «Якім быў, такім і застаўся», — пакруціў галавой і сплюнуў убок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1978, Брэжнеў у Менску: «Я хачу дамоў!» АРХІЎНЫЯ ФОТАЧас набліжаўся да канца. На запасной каляіне чыгуначнага вакзала стаяў урадавы вагон, які прычапляўся да пасажырскага цягніка. Машэраў і Кісялёў пра гэта настойліва нагадвалі Брэжневу. На разьвітаньне Брэжнеў сказаў: «Дарагія таварышы! Мне пара, я б пасядзеў з вамі, я люблю кампанію, далібог, вельмі люблю кампанію! Але... справы, справы, нікуды не падзенесься! А вы, таварышы, піце, піце! І глядзіце за суседам, каб выпіваў чарку да дна. А то вось Пётра Міронавіч налівае, а ня п’е! Куды гэта гадзіцца, гэта нікуды не гадзіцца!..»
Я быў агаломшаны ўсім, што бачыў і чуў. Хто нас заклікае піць гарэлку, каньяк? Генэральны сакратар нашай партыі. Да чаго мы дажыліся! Ідучы дамоў з героем Савецкага Саюза І. М. Цімчуком, я яму сказаў:
«Давай з табой напішам пра ўсё Партыйнаму кантролю пры ЦК КПСС». Але Цімчук сказаў: «Ты што, здурэў? Пасьля такога і цябе, і мяне пасадзяць за паклёп на Генэральнага сакратара. Ніхто ж не пацьвердзіць, усе адыдуць убок. А табе асабліва трэба быць асьцярожным, ты ж ужо быў там, ведаеш, як ствараюцца „ворагі народу“. Я прапаноўваў потым і іншым паведаміць у парткантроль, але атрымаў той жа адказ. І прыйшоў да высновы, што Цімчук мае рацыю. Насіў потым гэту горыч доўгія гады ў сваёй душы...»
Пустка на месцы юбілейнага помніка
... Так заканчваўся адзін з апошніх дзён 1968 году.
Пакрыўджаны і на партыю, і на генсека, і на ўласны пакручасты лёс пэрсанальны пэнсіянэр саюзнага значэньня Апанас Кавалёў раздумваў, з кім бы яму напісаць данос на ахвочага да жанчын і выпіўкі генэральнага сакратара.
Сам генэральны сакратар у гэты час уладкоўваўся ва ўтульным ложку свайго пэрсанальнага вагона, пад стук колаў з прыемнасьцю ўспамінаючы тры дні ў вясёлым і гасьцінным Менску.
Сонны лінатыпіст у Доме друку заканчваў набор казённага тэксту, які заўтра зьявіцца ва ўсіх беларускіх газэтах: «Прыём у гонар 50-годзьдзя БССР і Кампартыі Беларусі прайшоў у выключна сардэчнай, цёплай, братэрскай атмасфэры. На прыёме прысутнічалі таварышы Л.І.Брэжнеў, Г.І.Воранаў, П.Е.Шэлест, В.В.Грышын, П.М.Машэраў, В.П.Мжаванадзэ, Ш.П.Рашыдаў, У.В.Шчарбіцкі...»
А за 300 кілямэтраў ад Менску, у далёкай шклоўскай вёсцы васьміклясьнік Саша Л., павячэраўшы варанай бульбай з малаком і накарміўшы скаціну, чакаў маці з фэрмы пасьля вячэрняй дойкі і майстраваў карнавальны касьцюм для заўтрашняй школьнай ялінкі. Радыё на сьцяне вясковай хаты цэлы вечар мармытала пра слаўны юбілей і гістарычныя дасягненьні БССР у непарушным саюзе братэрскіх народаў.
...У 1994 годзе, калі ён прыйдзе да ўлады, і Віцебскі дывановы камбінат, і Полацкі хімкамбінат (на той час ужо «Палімір») неяк неўпрыкмет, нібы незнарок, выкінуць са сваіх назваў згадку пра 50-годзьдзе БССР. А вось найбольш відовішчны архітэктурны помнік паўвекавому юбілею БССР — шкляны будынак ВДНГ, які адкрываў асабіста Брэжнеў — прастаіць яшчэ 20 гадоў.
На пачатку «нулявых» гэта будзе зусім яшчэ не стары гмах, адметны ў архітэктурным абліччы сталіцы. Але маляўнічае месца, у якім ён быў разьмешчаны, спадабалася арабскім шэйхам. У 2010 годзе будынак са згоды прэзыдэнта прададуць за 10 мільёнаў даляраў інвэстару з Амана — для будаўніцтва чарговага офісна-забаўляльнага цэнтру. Але неўзабаве аманцы перадумаюць. Затое зьявяцца інвэстары з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
У красавіку 2017 году будынак хуценька пусьцяць пад бульдозэр, але і пасьля гэтага будаўніцтва чамусьці не пачнецца. Вось ужо два гады за будаўнічым плотам — пустка, якая пакрысе зарастае быльнягом. Стоячы на гэтым занядбаным месцы, цяжка ўявіць, што ўсяго некалькі дзесяцігодзьдзяў таму на яго «с чувством глубокого удовлетворения» глядзела амаль усё палітбюро ЦК КПСС, назіраючы, як дарагі таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў разразае нажніцамі атласную стужку.
Але гэта толькі здаецца, што колішняя спачылая ў 1991 годзе БССР назаўсёды зьнішчаная і забытая. Яе сьцёртыя ў адным месцы знакі і сымбалі прарасьлі ў другім. І ў якіх формах!
Замест шкляной ВДНГ, якая была своеасаблівым сымбалем эпохі Машэрава — шкляная Нацыянальная бібліятэка як сымбаль кіраваньня Лукашэнкі; замест састарэлага рэстарана ў «Юбілейнай» прыёмы для высокіх чыноўнікаў адбываюцца цяпер у новапабудаваных палацах — ці то Рэспублікі, ці Незалежнасьці, якія зноў жа прэтэндуюць на ролю знакавых пабудоў лукашэнкаўскага пэрыяду гісторыі. А што да юбілейных урачыстасьцяў, то яны адбываюцца амаль гэтаксама, як і ў БССР — з тымі ж вайсковымі парадамі, урадавымі трыбунамі, генэральскімі мундзірамі і калёнамі «МАЗаў», «БелАЗаў» і трактараў. Бо толькі так і магчыма сьвяткаваць юбілеі БССР, якая, па сутнасьці, нікуды ня зьнікла.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.