Дзяржаўныя кампаніі Расеі абавязалі перайсьці на расейскія кампутарныя праграмы

© Shutterstock

Расейскі ўрад прыняў дырэктыву, якая патрабуе ад расейскіх дзяржаўных кампаніяў цягам двух гадоў перайсьці на расейскае праграмнае забесьпячэньне, пішуць «Ведомости» са спасылкай на копію дакумэнту.

Аўтары дакумэнту разьлічваюць, што на расейскае праграмнае забесьпячэньне пяройдуць кампаніі, дзе дзяржава зьяўляецца асноўным акцыянэрам. Да 2021 году, мяркуюць яны, больш за палову софту кожнага клясу ў дзяржаўных кампаніях будзе расейскай вытворчасьці (або да 2022-га — увесь софт, як піша «Коммерсант»). На зацьверджаньне плянаў па пераходзе далі два месяцы.

Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2015 годзе патрабаваў такога ў межах імпартазамяшчэньня праз замежныя санкцыі за анэксію Расеяй украінскага Крыму. У тым годзе была падпісаная забарона купляць для патрэбаў дзяржаўных установаў замежны софт пры наяўнасьці расейскіх аналягаў.

Паводле выданьня «Ведомости», ня ўсе дзяржаўныя кампаніі гатовыя перайсьці на расейскі софт: напрыклад, авіякампанія «Аэрафлот» можа страціць у канкурэнтаздольнасьці і даходах, калі зробіць так, а гэта прывядзе да падаражаньня квіткоў на самалёты.

Што такое «расейскае праграмнае забесьпячэньне», не да канца зразумела. Напрыклад, абсалютная большасьць «расейскіх апэрацыйных сыстэмаў», як іх называюць, на самой справе ёсьць вэрсіямі адкрытай апэрацыйнай сыстэмы Linux, створанай амэрыканцамі і толькі часткова мадыфікаванай расейцамі.

Як адзначае выданьне Meduza, паводле афіцыйных зьвестак доля расейскага ў офісным і сыстэмным софце цяпер складае ў Расеі 5%, у сыстэмах кіраваньня базамі зьвестак — менш за 20%, у софце для бухгальтэрыі — 50%, у антывірусах — 80%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадырава заблякавалі на Instagram. Ён вярнуўся — заблякавалі зноў