Старэйшыя сыны першага прэзыдэнта Грузіі Зьвіяда Гамсахурдзія, Канстанцін і Цотнэ Гамсахурдзія, распачалі галадоўку пратэсту ў фае генэральнай пракуратуры краіны ў Тбілісі.
Яны настойваюць на ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце забойства прэзыдэнта Зьвіяда Гамсахурдзія ў сьнежні 1993 года. Акцыя пратэсту прымеркавана да «круглай даты»: у гэтыя дні спаўняецца 25 гадоў сьмерці Гамсахурдзія.
Па афіцыйных дадзеных, Зьвіяд Гамсахурдзія, абраны прэзыдэнтам 26 траўня 1991 гады, учыніў самагубства 30 сьнежня 1993 году пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны, калі яго атрады пацярпелі паразу ад узброеных фарміраваньняў другога прэзыдэнта Эдуарда Шэварнадзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 гадоў ад абвяшчэньня незалежнасьці Грузіі. «Мы жывем нашмат лепш, чым тады»Гамсахурдзія, разам з асабістай аховай, схаваўся ў вёсцы Хібула на захадзе краіны і, па некаторых дадзеных, вырашыў пакончыць з сабой пасьля таго, як вёску атачылі супрацоўнікі грузінскіх спэцслужбаў.
Аднак сыны першага прэзыдэнта ня вераць у вэрсію пра самагубства і ўжо некалькі гадоў настойваюць на перакваліфікацыі крымінальнай справы на «забойства дзяржаўнага дзеяча пры абцяжарваючых абставінах». Канстанцін і Цотнэ перакананыя: першага прэзыдэнта забілі грузінскія спэцслужбы пры ўдзеле аднаго з чальцоў яго аховы, а загад аб ліквідацыі паступіў ад тагачаснага кіраўніка грузінскай дзяржавы, былога міністра замежных спраў СССР, цяпер нябожчыка Эдуарда Шэварнадзэ.
Зрэшты, сам Шэварнадзэ пры жыцьці, як чальцы яго бліжэйшага акружэньня, катэгарычна адпрэчвалі абвінавачваньне ў забойстве. Былы міністар дзяржбясьпекі Грузіі Ігар Гіяргадзэ, які жыве цяпер у Маскве, не адмаўляе, што спэцслужбы акружылі вёску, дзе хаваўся Гамсахурдзія. Але, паводле яго слоў, яго ніхто не забіваў, і экс-прэзыдэнт добраахвотна пайшоў з жыцьця, стрэліўшы сабе ў скронь з пісталета, які заўсёды насіў з сабой пасьля зьвяржэньня ў выніку ваеннага перавароту ў студзені 1992 года.
Пасьля перавароту Зьвіяд Гамсахурдзія, разам з сем’ёй, жыў у Грозным пад заступніцтвам першага прэзыдэнта Чачні Джахара Дудаева, але вярнуўся на радзіму за некалькі дзён да завяршэньня грузіна-абхазскай вайны, якая ішла паралельна з грамадзянскай вайной у Грузіі.
Генэральная пракуратура пакуль ніяк не пракамэнтавала галадоўку пратэсту. Афіцыйны прадстаўнік сьледчага органа толькі паўтарыў, што сьледзтва па факце сьмерці першага прэзыдэнта працягваецца.