Былы старшыня Лоеўскага райвыканкаму Сяргей Дзьмітроў асуджаны за хабар і перавышэньне ўлады на 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Былому чыноўніку інкрымінавалі шэраг эпізодаў злачыннай дзейнасьці. Першыя зь іх датаваныя 2012-2015 гадамі. На той час Сяргей Дзьмітроў узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Дубрава-Агра» у Сьветлагорскім раёне. Абвінавачаньне лічыць, што кіраўнік прадпрыемства ўступіў у злачынную змову з камэрцыйнымі структурамі.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Сяргей Дзьмітроў у якасьці хабару прыняў зруб лазьні, пясочніцу і гараж. Былы кіраўнік віну не прызнае цалкам. Чыноўніка прызналі вінаватым у лабіяваньні інтарэсаў камэрсантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна лазьня была хабарам, другую спаліла жонка. За што судзяць былога старшыню Лоеўскага райвыканкамуУ верасьні 2017 году на пасаду старшыні Лоеўскага райвыканкаму замест Сяргея Дзьмітрова была прызначана Вераніка Байкова. Дзьмірову пры перадачы раёна «з рук у рукі» уручылі ліст падзякі ад райсавету дэпутатаў «за добрасумленную працу і важкі ўклад у разьвіцьцё Лоеўшчыны».
Тым часам над былым кіраўніком ужо згушчаліся хмары. За два месяцы да ўрачыстых провадаў з пасады старшыні выканкаму, у ліпні 2017 году прадстаўнікі фэрмэрскай гаспадаркі і прыватнага прадпрыемства давалі у Галоўным упраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй паказаньні на Сяргея Дзьмірова. Яны прызналіся: давалі кіраўніку хабар. І калі той кіраваў калгасам, і калі ўзначаліў Лоеўскі раён. У кастрычніку 2017 году былы старшыня райвыканкаму быў затрыманы.