Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна лазьня была хабарам, другую спаліла жонка. За што судзяць былога старшыню Лоеўскага райвыканкаму


Сяргей Дзьмітроў
Сяргей Дзьмітроў

У Рэчыцы судзяць за хабарніцтва былога старшыню Лоеўскага райвыканкаму. Чыноўніка абвінавацілі ў лабіраваньні інтарэсаў камэрсантаў. Па вэрсіі сьледзтва, Сяргей Дзьмітроў у якасьці хабару прыняў зруб лазьні, пясочніцу і гараж. Былы кіраўнік віну не прызнае цалкам.

Былому чыноўніку інкрымінуюць шэраг эпізодаў злачыннай дзейнасьці. Першыя з іх датаваныя 2012-2015 гадамі. На той час Сяргей Дзьмітроў узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Дубрава-Агра» у Сьветлагорскім раёне. Абвінавачаньне лічыць, што кіраўнік прадпрыемства ўступіў у злачынную змову з камэрцыйнымі структурамі.

За ляяльнасьць атрымаў ад камэрсантаў зруб лазьні і пясочніцу

Фэрмэрская гаспадарка «Караткевіч» і прыватнае прадпрыемства «Лесфорт» пастаўлялі ў «Дубрава-Агра» запчасткі, піламатэрыялы, іншыя тавары і паслугі. Гаспадарка па загадзе дырэктара спраўна плаціла за пастаўкі, нават з папярэдняй аплатай, хоць калгас меў запазычанасьці перад іншымі структурамі. Свабодных грошай гаспадарка ня мела, таму расплачвалася з камэрсантамі каровамі, сьвіньнямі, гусямі.

«Сельскагаспадарчае прадпрыемства авансавала камэрцыйнай структуры іх тавары і паслугі на шэсьць месяцаў наперад. Наколькі гэта было выгадна "Дубрава-Агра" і іншым крэдыторам? Думаю, усё зразумела. Іншыя пастаўшчыкі былі вымушаны накіроўваць прэтэнзіі гаспадарцы і ў Эканамічны суд. Абвінавачаны ж разьлічваўся толькі з тымі, з кім лічыў патрэбным», — выказаўся на судзе пракурор Рэчыцкага раёна Мікалай Беларусаў.

Ляяльнасьць дырэктара не была бескарыснай. У судзе высьветлілася, што кіраўнік гаспадаркі атрымаў ад камэрсантаў хабар — зруб лазьні і дзіцячую пясочніцу. Яны былі ўсталяваныя на падворку дома ў Сьветлагорску, які належыць жонцы чыноўніка. Зруб лазьні і пясочніца каштавалі 4977 рублёў.

Перабраўся ў Лоеўскі раён і «падцягнуў» туды сваіх пастаўшчыкоў

​У 2016 годзе Сяргей Дзьмітроў узначаліў Лоеўскі раён. Паводле пракурора, на новай пасадзе ён «паставіў свае ўласныя інтарэсы вышэй грамадзкіх і дзяржаўных». Старшыня райвыканкаму даў загад дырэктарам калгасаў раёна заключаць дамовы з «яго» камэрцыйнымі структурамі са Сьветлагорскага раёну. Да гэтага мясцовыя гаспадаркі з гэтымі фірмамі не працавалі. Калгасы мелі цяжкае фінансавае становішча, «жывых» грошай у вочы не бачылі, рахункі былі арыштаваныя. За тавары і паслугі камэрсантам плацілі каровамі і цялятамі. Рэалізацыя ската камэрсантам была забаронена загадамі з аблвыканкаму. Таму, пры актыўным удзеле старшыні райвыканкаму, скаціна «перакідалася» праз розныя схемы на гаспадаркі Сьветлагорскага раёну, а прыбыткі ішлі ў кішэні камэрсантаў. У тэлефонных размовах, якія праслухоўвалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, старшыня райвыканкаму і «яго» пратэжэ называлі кароў і цялят «драўнінай» — каб прыхаваць нячыстыя схемы.

Пракурор лічыць, што незаконныя дзеяньні старшыні райвыканкаму прывялі да шкоды гаспадаркам Лоеўскага раёна ў агульнай суме 78 тысяч рублёў. Бо запчасткі і тавары пастаўляліся па завышаных коштах, без канкурэнтных працэдур, конкурсаў і тэндэраў.
Дырэктары калгасаў не хацелі плаціць камэрсантам буйным рагатым скатом — баяліся забароны аблвыканкаму. Але старшыня райвыканкаму даваў ім такія загады — па просьбе камэрцыйных структур.

«Багатыя — багацелі, бедныя — бяднелі»

«Гаспадаркі знаходзіліся ў цяжкім фінансавым становішчы. У іх не было грошай на першапачатковыя плацяжы, не ў час выплачвалі заробак, былі пазыкі за электраэнэргію. Але з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу ў асобе Сяргея Дзьмірова камэрцыйныя структуры забясьпечвалі сябе і своечасовай аплатай, і нават папярэдняй аплатай, хоць гэта не было прадугледжана дамовамі. У выніку багатыя — багацелі, бедныя — бяднелі», — зазначыў пракурор.

Паводле яго, кошты на запчасткі ад «сваіх» пастаўшчыкоў былі завышаны ў 2-3 разы. Схема была простая: камэрсанты шукалі танныя запчасткі па інтэрнэту, і затым перапрадавалі іх гаспадаркам. «Гаспадаркі, маючы кампутары, маглі б самі знаходзіць танныя запчасткі па інтэрнэце, а не пераплачваць фірмам», — лічыць Мікалай Белавусаў.
Абвінавачаньне лічыць, што за лабіраваньне інтарэсаў камэрсантаў Сяргей Дзьмітраў атрымаў ад іх, працуючы ў Лоеве, такую паслугу, як рамонт аўтамабіля жонкі (688 рублёў — запчасткі, 260 — паслуга). Таксама як падарунак ён займеў, аформіўшы на брата, гараж у Сьветлагорску (коштам каля 5 тысяч рублёў).

Жонка спаліла лазьню, але без пакараньня

​Абвінавачаньне лічыць, што апроч хабарніцтва, Сяргей Дзьмітроў займаўся перавышэньнем улады. У Лоеве сям’я начальніка жыла ў арэндным жытле. Неяк у лазьні арэнднага дому пачаўся пажар. На выклік прыехалі ратавальнікі. Пасьпяшаўся дахаты і сам Дзьмітроў. Ён не выключаў магчымасьць, што жонка парушыла правілы пажарнай бясьпекі, таму папрасіў начальніка мясцовага аддзелу па надзвычайных сытуацыях аформіць справу так, што гарэла сьмецьце, а не вагонка лазьні. Той паслухаўся. Па меркаваньню пракурора, такія дзеяньні былі накіраваныя на тое, каб жонку не прыцягнулі да адказнасьці за парушэньне супрацьпажарнай бясьпекі, а дзяржаўны дом не давялося рамантаваць за свой кошт.
Па сукупнасьці ўсіх эпізодаў пракурор запатрабаваў для былога старшыні 9 гадоў пазбаўленьня волі.

«Свабоды ў кіраўнікоў няма. Вось і маюць яны цяжкія наступствы»

Абвінавачаны віну не прызнае цалкам. Яго адвакат Аляксандр Баранаў цьвердзіць, што ўсе дзеяньні кіраўніка раёна былі накіраваныя на тое, каб уратаваць стратныя гаспадаркі. Што тычыцца лазьні — то Сяргей Дзьмітроў казаў, што аплаціў яе. Камэрсант жа — што не. «Іншых доказаў няма. Але ўсе сумневы павінны трактавацца судом на карысьць абвінавачанага», — заўважыў адвакат.

Ён падкрэсьліў: яго падабаронны «атрымаў Лоеўскі раён у гаротным стане» — не было кармоў, не было грошай на выплату заробкаў. «Трэба было шукаць альтэрнатыўныя спосабы падтрымкі прадпрыемстваў. Натуральна, што кожны чалавек выкарыстае свой досьвед. Пастаўкі запчастак ад гэтых камэрцыйных структур былі ратаваньнем гаспадарак. Іншыя пастаўшчыкі не давалі ім запчастак, бо яны мелі вялікія запазычанасьці. Выбар быў паміж зрывам пасяўной і ўборачнай і фактычна гібельлю прадпрыемстваў, ці дамовамі з камэрцыйнымі структурамі, якія пагадзіліся паставіць запчасткі. Сяргей Дзьмітроў вывеў прадпрыемствы раёна на больш высокі ўзровень», — выказаўся Аляксандр Баранаў.

Ён лічыць: «У нас нейкая сыстэмная памылка». «Нашы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў гаротным стане, выжываць са дня на дзень. Малады амбітны кіраўнік, бачачы, што сытуацыя крытычная, а ён акружаны рознымі забаронамі, рабіў валявыя намаганьні, каб здаць скаціну і падняць на ногі тэхніку. І вынік быў. Але на жаль, у нашых кіраўнікоў няма свабоды. І тады, калі яны праяўляюць ініцыятыву і недзе парушаюць правілы — пачынаюцца цяжкія наступствы, і вось дзе яны апынаюцца», — дадаў абаронца.

У Лоеве ўшаноўвалі былога старшыню, у Гомелі заводзілі на яго справу

У верасьні 2017 на пасаду старшыні Лоеўскага райвыканкаму была прызначана Вераніка Байкова. Сяргею Дзьмірову пры перадачы раёна «з рук у рукі» уручылі ліст падзякі ад райсавету дэпутатаў «за добрасумленную працу і важкі ўклад у разьвіцьцё Лоеўшчыны».

Тым часам над былым кіраўніком ужо згушчаліся хмары. За два месяцы да ўрачыстых провадаў з пасады старшыні выканкаму, у ліпні 2017 году прадстаўнікі фэрмэрскай гаспадаркі і прыватнага прадпрыемства давалі у Галоўным упраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй паказаньні на Сяргея Дзьмірова. Яны прызналіся: давалі кіраўніку хабар. І калі той кіраваў калгасам, і калі ўзначаліў Лоеўскі раён. У кастрычніку 2017 году былы старшыня райвыканкаму быў затрыманы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG