Кампанія Google расказала пра «зьмены» ў сацыяльнай сетцы Google+: раней анансаванае закрыцьцё паскораць з прычыны знойдзенай памылкі.
Асабістыя зьвесткі 52,2 млн карыстальнікаў, як выявілася, сталі даступныя староньнім распрацоўшчыкам, у ліку гэтых зьвестак імёны, даты нараджэньня, адрасы электроннай пошты і іншае. Таксама розныя праграмы мелі доступ да зьвестак з профіляў, якімі карыстальнікі дзяліліся толькі зь сябрамі, але не з усімі. Фінансавыя зьвесткі, паролі, нумары пашпартоў і іншыя «крытычныя» зьвесткі ня «выцеклі».
У сувязі са знойдзенай памылкай закрыцьцё сацсеткі перанесьлі са жніўня 2019 году на красавік. Цягам 90 дзён закрыюць Google+ API — праграмны інтэрфэйс сацсеткі для староньніх распрацоўшчыкаў.
Google ужо знаходзіла ўцечкі праз сацсетку: у кастрычніку стала вядома, што «ўцяклі» зьвесткі прынамсі паўмільёна карыстальнікаў. Менавіта пасьля гэтага зьявілася паведамленьне пра закрыцьцё Google+.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Google+ закрыюць пасьля выкрыцьця «дзіркі» ў бясьпецы. Ніхто і не карыстаўся гэтай сацсеткайНа піку папулярнасьці сацсетка мела 300 мільёнаў актыўных карыстальнікаў (праўда, яны былі актыўнымі толькі тры хвіліны на месяц — непараўнальна з гадзінамі, праведзенымі на Facebook), пры тым што сэрвісамі Google карыстаюцца больш як 2 мільярды чалавек. Google раней ужо спрабавала запусьціць сацсеткі Google Buzz, Google Friend Connect, Orkut і Google Wave.
Google па-ранейшаму мае сэрвісы для перапіскі, аўдыё- і відэасувязі (GMail, Hangouts, Allo і Duo), для захоўваньня файлаў, фота і відэа (Drive, Photos і Youtube).