10 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску так і не адбыўся працэс над Д., якога затрымалі 8 сьнежня за ўдзел у пэрформансе «Дэканструкцыя міліцыянта».
У судзе яго ад раніцы чакалі калегі з тэатральнай лябараторыі «Фартынбрас». Але Д. прывезьлі толькі каля 16-й гадзіны разам зь іншымі 12 затрыманымі па адміністрацыйных справах.
Усе яны былі скаваныя паміж сабой кайданкамі — дзьве групы па чатыры чалавекі і яшчэ дзьве — па двое.
Праз гадзіну асудзілі ўсіх прывезеных, акрамя Д. Сакратар судзьдзі Івана Касьцяна паведаміў, што справа накіраваная на дапрацоўку.
Актывісты лічаць, што правы Д. былі парушаныя. «Яго цэлы дзень трымалі бязь ежы і не давалі нават вады», — сказала Свабодзе акторка «Свабоднага тэатру» Марыя Бяльковіч.
11 сьнежня будзе 3 дні, як затрымалі Д. У гэты ж дзень яшчэ двое ўдзельнікаў пэрформансу мусяць прыйсьці ў Цэнтральнае РУУС Менску «для разьбіральніцтва», паведаміла Марыя Бяльковіч.
6 сьнежня Свабодны тэатар правёў флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў Менску. Тры студэнты тэатральнай лябараторыі «Фартынбрас» пры Свабодным тэатры ўдзельнічалі ў флэшмобе, пераапрануўшыся ў міліцэйскую форму зь вясёлкавымі пагонамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодны тэатар правёў флэшмоб — акторы пераапрануліся ў міліцыянтаў з ЛГБТ-пагонамі. ВІДЭАМУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
- У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».