Самалёт беларускай авіякампаніі «Белавія», які 9 сьнежня зачапіў зямлю стойкай шасі і зьбіў ліхтар у кіеўскім аэрапорце Барыспаль, дагэтуль знаходзіцца на тэрыторыі аэрапорту, але ўсе іншыя рэйсы ажыцьцяўляюцца згодна з раскладам.
«Сёньня адзін самалёт „Белавія“ ўжо прызямліўся, і на адзін у дадзены момант ажыцьцяўляецца пасадка», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе аэрапорту Барыспаль. Штодня «Белавія» ажыцьцяўляе два рэйсы ў кіеўскі аэрапорт Барыспаль — раніцай і ўвечары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія»: У аварыі самалёта ў «Барыспалі» пацярпелых нямаУ службе наземнага абслугоўваньня аэрапорту Барыспаль удакладнілі, што цяпер тэхнікі правяраюць стан беларускага «Боінга» «на прадмет мікратрэшчын»:
«Пакуль што цяжка сказаць, калі самалёт зможа вярнуцца ў Менск. Пасьля ацэнкі пашкоджаньняў стане зразумела, змогуць аднавіць самалёт праз тры гадзіны ці спатрэбіцца некалькі дзён».
Супрацоўнікі аэрапорту сьцьвярджаюць, што інцыдэнт мог адбыцца праз моцны туман.
Своечасова сёньня ў Менск вылецеў самалёт «Белавія» і з другога сталічнага аэрапорту Кіеў — а 5-й раніцы. Згодна з раскладам, сёньня ў беларускую сталіцу маюць адбыцца яшчэ два рэйсы беларускай авіякампаніі — а 14.15 і 18.05 паводле кіеўскага часу.