Расея ў 2017 годзе выйшла на другое месца ў сьвеце па вытворчасьці зброі. Паводле дакладу Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў праблем сьвету (SIPRI), аб’ём экспарту ўзбраеньняў расейскіх кампаній склаў 9,5 % ад сусьветнага рынку.
У статыстыку ўключаны зьвесткі пра 100 вядучых вытворцаў, агульны аб’ём продажаў якіх складае больш за 398 мільярдаў даляраў.
Аўтары дакладу адзначылі павелічэньне продажаў летась у 8 з 9 расейскіх кампаній, а агульны рост дасягнуў 8,5 %. Экспэрты зьвязваюць гэта з рэалізацыяй праграмы мадэрнізацыі ўзбраеньня ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША далі Расеі 2 месяцы, каб адмовіцца ад ракетнай сыстэмы «Наватар»Лідэрам у продажы зброі, як і раней, зьяўляюцца кампаніі ЗША. Іх доля на рынку ўзбраеньняў складае 57 %. Брытанскія фірмы, якія з 2002 году ўтрымлівалі другое месца, перамясьціліся на трэцюю пазыцыю ў сьпісе. У іх 9 %. Кітайскія кампаніі ў рэйтынг не ўваходзяць, бо зьвесткі пра іх адсутнічаюць.
У 2017 годзе Расея ўпершыню з 1998 году скараціла вайсковы бюджэт, выдаткаваўшы на вайсковыя патрэбы 3,9 трыльёна рублёў, што на 17 % менш, чым годам раней. Расейскія ўлады вымушаныя былі пайсьці на гэта ў сувязі з пагаршэньнем эканамічнай каньюнктуры, пад узьдзеяньнем падзеньня цэнаў на нафту і заходніх санкцый. У выніку многія праграмы ўзбраеньняў былі прыпыненыя або наогул згорнутыя.
У сакавіку SIPRI даў статыстыку зброевага экспарту за апошнія дзесяць гадоў. У пяцёрку найбуйнейшых экспартэраў узбраеньняў увайшлі ЗША, Расея, Францыя, Нямеччына і Кітай. Буйнымі імпартэрамі зброі аказаліся Індыя, Сырыя, Эгіпет, ААЭ і Кітай.