Беларускія памежнікі не пусьцілі ў краіну экалягічную актывістку з Украіны

Паводле агенцтва БелаПАН, Юлія Маклюк ехала ў Менск для ўдзелу ў міжнародным форуме валянцёраў і прыхільнікаў «На тваім баку», арганізатарам якога выступіла таварыства «Зялёная сетка».

Як паведамляе «Зялёны партал», Маклюк зьнялі з начнога поезда Кіеў — Менск.

«Абыходзіліся ветліва, прэтэнзій няма. Але прычыну адмовы не растлумачылі, толькі паставілі штамп у пашпарт „Уезд забаронены“. Ня ведаю, з чым гэта зьвязанае. Магчыма, з актывізмам, але сьцьвярджаць не магу», — расказала Маклюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпісалі пратакол пра абмен зьвесткамі аб «неўязных»

На які тэрмін актывістцы забаронены ўезд у Беларусь, памежныя службы не паведамілі, прапанаваўшы зьвярнуцца з пісьмовым запытам ў міграцыйную службу, каб высьветліць падрабязнасьці і прычыны забароны.

Праваабаронца Наста Лойка мяркуе, што прычынай адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь магла стаць Расея:

«Цяжка даваць адназначныя ацэнкі, але мне здаецца, што гэта зьвязана з аб’яднанай базай „непажаданых асобаў“ у Беларусі і Расеі. У любым выпадку гэта павінны былі растлумачыць на мяжы. Неабходна рабіць дадатковыя запыты і апратэстоўваць такія дзеяньні», — сказала Лойка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскай журналістцы забаранілі ўезд у Беларусь. Амбасада Ўкраіны рыхтуе ноту