Улады Канады арыштавалі фінансавага дырэктара і дачку заснавальніка кітайскага тэлекамунікацыйнага гіганта Huawei Мэн Ваньчжоў. Пра гэта паведамляе La Presse.
Паводле дадзеных Wall Street Journal і New York Times, Ваньчжоў падазраецца ў парушэньні санкцый ЗША ў дачыненьні Ірану.
- У Міністэрстве юстыцыі Канады не камэнтуюць выстаўленыя топ-менэджэру абвінавачваньні. На пятніцу, 7 сьнежня прызначаны судовыя слуханьні аб вызваленьні Ваньчжоў пад заклад.
- Huawei — адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў тэлекамунікацыйнага абсталяваньня і мабільных тэлефонаў. У кампаніі заявілі, што не азнаёмленыя з выстаўленымі Ваньчжоў абвінавачаньнямі, але сьцьвярджаюць, што не парушалі санкцыйных рэжымаў ЗША, ААН і Эўразьвязу.
- Неадкладна вызваліць Ваньчжоў запатрабавалі ў амбасадзе Кітаю ў Канадзе.
Пагроза нацыянальнай бясьпецы
Арышт Ваньчжоў адбыўся 1 сьнежня, у гэты ж дзень прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня КНР Сі Цзіньпін абвясьцілі пра надыход замірэньня ў гандлёвай вайне дзьвюх краін.
Амэрыканскі бок паабяцаў ўстрымацца ад падвышэньня тарыфаў на ўвоз кітайскіх тавараў, а Кітай пагадзіўся «ў самай найбліжэйшай будучыні закупіць значную колькасьць амэрыканскай прадукцыі, у тым ліку сельскагаспадарчай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі вялікім будзе Кітайска-беларускі індустрыяльны парк: макетНа працягу 90 дзён бакі дамовіліся правесьці перамовы ў праблемных пытаньнях, калі Пэкін і Вашынгтон за гэты час не дасягнуць пагадненьня, то кітайскі экспарт у ЗША будзе абкладзены павышаным мытам. Арышт топ-менэджэра тэлекамунікацыйнага гіганта ўскладніць гэтыя перамовы, згаджаюцца аналітыкі.
- У лістападзе Wall Street Journal паведамляла, што ЗША просяць партнэрскія краіны адмовіцца ад абсталяваньня кітайскай кампаніі Huawei пры будаўніцтве сотавых сетак новага пакаленьня. У прыватнасьці, перамовы пра гэта ідуць з кампаніямі ў Нямеччыне, Італіі і Японіі. У ЗША лічаць, што з дапамогай абсталяваньня кампаніі кітайскія ўлады могуць зьбіраць дадзеныя, якія маюць камэрцыйны або вайсковы інтарэс для Пэкіну.
- Раней ЗША ўнесьлі кампанію ў чорны сьпіс пастаўшчыкоў абсталяваньня для дзяржаўнага выкарыстаньня. У той жа сьпіс трапілі галоўныя канкурэнт Huawei — кітайская ZTE, чыя штаб-кватэра таксама разьмешчаная ў кітайскім Шэньчжэне. Ад выкарыстаньня інфраструктуры Huawei адмовіліся і ўлады Аўстраліі.