На тэрыторыі, адведзенай пад Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, у Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці 28 верасьня быў прадстаўлены макет парку.
Пакуль на месцы парку праводзяцца інжынэрныя працы, валяць лес, пракладаюць камунікацыі. Па-за тэрыторыяй парку заключаюцца пагадненьні — у парк ужо пагадзіліся інвэставаць мільёны даляраў.
У горадзе ля парку, паводле пляну, будзе жыць 100 тысяч чалавек — больш за Ліду ці Маладзечна, амаль як Наваполацак ці Салігорск. Да парку будзе весьці шасьціпалосная дарога, ад парку да порта ў Клайпэдзе (Літва) будзе пракладзеная чыгунка. Сам парк будзе падзелены на жылую, прамысловую і лягістычную зоны.
Пакуль вядомыя 7 будучых рэзыдэнтаў парку, ёсьць 14 пратаколаў пра намер стаць рэзыдэнтамі. Паўмільярда даляраў у лягістычны цэнтар парку інвэстуе China Merchants Group, аб’ект плошчай у квадратны кілямэтр каля нацыянальнага аэрапорту «Мінск» мае стаць мостам між Азіяй і Эўразьвязам, перканананыя ў адміністрацыі парку.
Сярод рэзыдэнтаў будуць IT-гіганты Huawei і ZTE, машынабудаўнікі Zoomlion і YTO Group. Яшчэ адна кітайская кампанія плянуе варыць у парку солад для экспарту ў Кітай, адна беларуская, «Нанапэктын», — вырабляць пэктын для беларускай мэдпрамысловасьці і на экспарт.
На першыя 10 год рэзыдэнты будуць вызваленыя ад карпаратыўных падаткаў, яшчэ 10 год будуць плаціць толькі палову. Інвэставаць у парк і станавіцца яго рэзыдэнтамі дазволена ня толькі кітайскім і беларускім кампаніям, але і кампаніям зь любой краіны.