Беларусь заняла 13-е месца ў рэлігійнасьці сярод 34 краінаў Эўропы, а гэтым сьведчыць дасьледаваньне, апублікаванае амэрыканскім цэнтрам Pew.
Паводле зьвестак дасьледчага цэнтру, 27% насельніцтва ў Беларусі зьяўляецца вельмі рэлігійным. Гэта вызначылі праз агульны індэкс, у які ўваходзяць чатыры асобныя паказьнікі.
Як паказала дасьледаваньне:
- 20% насельніцтва Беларусі (16-е месца) кажуць, што рэлігія зьяўляецца вельмі важнай у іхным жыцьці;
- 30% (14-е) кажуць, што наведваюць рэлігійныя службы як мінімум раз на месяц;
- 25% (13-е) кажуць, што моляцца штодня;
- 26% (16-е) кажуць, што вераць у Бога з абсалютнай упэўненасьцю.
Дасьледчыкі зьвяртаюць увагу, што эўрапейцы ў цэлым менш рэлігійныя, чым людзі ў іншых частках сьвету, адзначае цэнтар Pew. Але, як паказала справаздача, у межах Эўропы часам існуюць значныя адрозьненьні ва ўзроўнях рэлігійнасьці ў розных краінах.
Першае месца ў рэйтынгу заняла Румынія (55% насельніцтва вельмі рэлігійнае), другое — Армэнія (51%), трэцяе — Грузія (50%). Найменш рэлігійнымі аказаліся Эстонія (7%), Данія (8%) і Чэхія (8%).