У дні кампаніі ААН «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту» заснавальніца і кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна і кіраўніца Цэнтру роўных магчымасьцяў у Літве Маргарыта Янкаўскайце прэзэнтавалі вынікі маніторынгу беларускіх СМІ на тэму гендэрнай няроўнасьці і дыскрымінацыі.
Як гендэрная роўнасьць уплывае на грамадзтва?
Па словах Маргарыты Янкаўскайце, грамадзтву выгадна, каб гендэрная роўнасьць расла, бо гэта ўплывае на ўзровень разьвіцьця ўсіх ягоных сфэраў.
Агульная тэндэнцыя такая: у краінах з вышэйшым узроўнем гендэрнай роўнасьці эканамічны ўзровень таксама вышэйшы. ВУП на аднаго чалавека ў такіх краінах большы, чым у краінах зь нізкім узроўнем гендэрнай роўнасьці.
Паводле дасьледаваньняў Цэнтру роўных магчымасьцяў, ня толькі жанчыны, але і мужчыны больш шчасьлівыя ў краінах, дзе гендэрнай роўнасьці больш. Узровень дэпрэсіўнасьці і гвалту ў такіх краінах, адпаведна, меншы.
Мужчыны — пра палітыку, жанчыны — пра сацыялку
СМІ ўплываюць на культурныя ўяўленьні ў грамадзтве пра гендэрную няроўнасьць і дыскрымінацыю жанчын. Менавіта таму кожныя пяць гадоў з 1995 году праводзіцца маніторынг, у якім выкарыстоўвалася мэтодалёгія «Глябальнага мэдыяманіторынгу» (GMMP). Яго мэта — скласьці ўяўленьне пра тое, як працуюць мэдыя ў гендэрным аспэкце і як у іх рэпрэзэнтуюцца жанчыны.
Падчас маніторынгу з 1 чэрвеня да 31 жніўня 2018 году былі прааналізаваныя 340 навінаў у чатырох СМІ: «Звязда», «СБ. Беларусь сегодня», Tut.by і БелаПАН.
Высьветлілася, што ў беларускіх мэдыя мужчыны-журналісты больш пішуць пра палітыку, а жанчыны — пра сацыяльныя праблемы. Жанчын прыцягваюць часьцей у якасьці гераінь для матэрыялаў на сацыяльныя тэмы, а мужчын — для матэрыялаў пра палітычнае жыцьцё і кіраваньне.
У якасьці экспэртаў жанчын запрашаюць нашмат радзей, чым мужчын, асабліва ў палітычных пытаньнях.
Жанчыны як ахвяры, мужчыны як лідэры
Па словах кіраўніцы праекту «Гендэрны маршрут» Ірыны Саламацінай, выказваньні чыноўнікаў і лідэраў думак у мэдыя істотна ўплываюць на тое, як фармуюцца гендэрныя стэрэатыпы ў грамадзтве.
Яскравы прыклад таго, як рэпрэзэнтуецца жанчына на ўзроўні ўладаў, — адказ старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на пытаньне Юрыя Зісера: «Беларусь абвінавачваюць у заўважным гендэрным дысбалянсе і дыскрымінацыі жанчын. Вы гэта адчуваеце?»
Ярмошына адказала на гэта: «У нас прадстаўлена вельмі шмат жанчын. Калі казаць пра кіраўніцтва, то так, у нас мала жанчын-міністраў. Але няўжо пасада міністра робіць жанчыну шчасьлівай? Шчасьлівай жанчыну робіць каханьне, прыгажосьць, муж — вось што галоўнае».
Паводле маніторынгу, жанчыны ў беларускіх мэдыя часьцей паказваюцца як сэксуальныя аб’екты альбо як ахвяры (пасіўныя, залежныя і эмацыйныя). Мужчыны прадстаўленыя як лідэры (актыўныя, незалежныя, кампэтэнтныя і агрэсіўныя).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас няма аўтарытэтаў». Як дзяўчаты разбураюць традыцыйныя стэрэатыпы ў Кіргізстане