Дзяржсакратар ЗША: Расея не прыняла заходніх каштоўнасьцяў свабоды і міжнароднага супрацоўніцтва

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп будуе новы сусьветны парадак, які будзе падтрымлівацца амэрыканскім лідэрствам і дэмакратыяй. Пра гэта 4 сьнежня заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо на закрыцьці двухдзённага саміту міністраў замежных спраў краінаў NATO ў Брусэлі.

Паводле Пампэо, Расея не прыняла заходніх каштоўнасьцяў свабоды і міжнароднага супрацоўніцтва. Наадварот, яна прымусіла замаўчаць галасы апазыцыі і ўварвалася ў незалежныя краіны, такія як Грузія і Ўкраіна. Масква таксама ўжыла на брытанскай тэрыторыі баявое атрутнае рэчыва, парушыўшы падпісаную ёю Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі.

Дзяржсакратар ЗША заклікаў Расею прызнаць парушэньні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці і вярнуцца да выкананьня ўмоваў пагадненьня. Лёс дамовы цяпер залежыць найперш ад Масквы, сказаў Пампэо. Калі Расея ня вернецца да выкананьня ўзятых на сябе абавязаньняў, ЗША пакідаюць за сабой права выйсьці з дамовы РСМД па заканчэньні 60 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп вырашыў выйсьці з ракетнай дамовы з Расеяй, Масква супраць. Усё, што важна ведаць пра спрэчку

Масква абвяргае абвінавачваньні ў парушэньні пагадненьня. Расея «няўхільна выконвае» палажэньні дамовы, і «амэрыканскаму боку гэта вядома», заявілі ў расейскім МЗС.

У кастрычніку Дональд Трамп абвясьціў пра намер Вашынгтону выйсьці з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), які забараняе разгортваньне крылатых ракет наземнага базаваньня далёкасьцю ад 500 да 5500 кілямэтраў. Партнэры па NATO ўсталі на бок ЗША.

У сваім выступе ў Брусэлі Пампэо таксама ўсклаў віну за нестабільнасьць у сьвеце на Іран і Кітай і адхіліў здагадкі пра тое, што Вашынгтон дзейнічае ў аднабаковым парадку. Па словах амэрыканскага дзяржсакратара, ЗША не адмаўляюцца ад міжнароднага лідэрства і сваіх эўрапейскіх сяброў і дзейнічаюць у інтарэсах вольнага сьвету сувэрэнных дзяржаваў.