Пасьля ўвядзеньня «дармаедзкага» Дэкрэту № 3 сябры незалежных ад уладаў творчых саюзаў — Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру — трапілі ў лік дармаедаў. Свабода высьветліла, што зьмянілася пасьля таго, як запрацавала база не занятых у эканоміцы грамадзянаў.
У 2017 годзе ўсе «нячэсныя» пісьменьнікі і журналісты лічыліся «дармаедамі»
На пачатку 2017 году, калі быў прыняты Дэкрэт № 3 і ўведзены «дармаедзкі падатак», Міністэрства культуры выдала пастанову № 7 ад 30 студзеня 2017 году «Аб вызначэньні пераліку творчых саюзаў».
Творчымі саюзамі былі прызнаныя 13 грамадзкіх аб’яднаньняў. Так, праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які ачольвае былы міліцэйскі генэрал Мікалай Чаргінец, быў прызнаны творчым саюзам, а вось Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які ачольвае Барыс Пятровіч, — не.
Тое самае з Саюзам беларускіх журналістаў і Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Праўладны СБЖ — творчая супольнасьць, а БАЖ — не. Такім чынам, атрымалася, што сябры праўладных Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, Беларускага саюзу журналістаў, якія зьяўляюцца пазаштатнымі аўтарамі, фрылансэрамі — ня трапілі ў лік дармаедаў, а вось сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў — трапілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 вострых пытаньняў да стваральнікаў «базы дармаедаў»Саюз беларускіх пісьменьнікаў дамогся ўключэньня ў лік «творчых»
СБП і БАЖ адразу ж пачалі аспрэчваць пастанову, пісаць звароты, і праз паўтара месяца Мінкульт прызнаў, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў мае статус творчага саюзу.
Згодна са зьмяненьнямі, унесенымі ў пастанову, грамадзкія аб’яднаньні «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», «Беларускі літаратурны саюз „Полоцкая ветвь“» і «Беларуская гільдыя майстроў і рамесьнікаў» увайшлі ў сьпіс творчых саюзаў. Гэта пацьвердзіў Свабодзе і намесьнік СПБ Алесь Пашкевіч.
«Празь месяц пасьля нашага запыту сапраўды ўнесьлі зьмены ў пастанову. І сябры нашага Саюзу, калі ім прыйшлі „лісты шчасьця“, прыходзілі і бралі даведкі. Так што „дармаедзкая праблема“ з СБП, спадзяюся, канчаткова вырашаная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянаў, якія сплацілі падаходны падатак, залічылі ў дармаедыФрылансэры недзяржаўных СМІ — па-ранейшаму «дармаеды»
А вось Беларускую асацыяцыю журналістаў Мінкульт так і не прызнаў творчай арганізацыяй. Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі перакананы, што гэта вялікая няроўнасьць.
«Сябры БСЖ — у асноўным журналісты і аўтары дзяржаўных мэдыяў. Гэтая арганізацыя займаецца тым жа самым, чым БАЖ, мае прыкладна аднолькавы статут, падобныя ўмовы сяброўства ў арганізацыі.
Аднак Мінкульт паступіў несправядліва, палічыўшы праўладны Беларускі саюз журналістаў творчай арганізацыяй, а Беларускую асацыяцыю журналістаў — не. На ўсе нашы звароты мы атрымліваем адмовы. Аргумэнтацыя розная, у тым ліку і тое, што сябрам БАЖ можа быць і ня творчая асоба. Дзяржаўных прызналі творчымі, а нас не прызналі. Павінна быць роўнасьць паміж абедзьвюма журналісцкімі арганізацыямі», — перакананы Барыс Гарэцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2018-м на працаўладкаваньне «дармаедаў» патрацілі 21,6 мільёна рублёўШмат хто з журналістаў працуе ня ў штаце, а па дамовах, яны фрылансэры і самі плацяць падаткі. Аднак іх, як і іншых грамадзян Беларусі, якія сплачваюць штогадовы падаходны падатак, уключылі ў базу незанятых у эканоміцы.
На думку намесьніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, апрыёры фрылансэры, якія плацяць падаткі, задзейнічаныя ў эканоміцы і не павінны трапляць у базу дармаедаў.
ПЭН-цэнтар нічога дамагацца ня будзе
А вось першы намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў кажа, што яны і не спрабавалі змагацца, каб іх уключылі ў пералік творчых саюзаў.
«Змагацца за тое, каб нас уключылі ў пералік творчых саюзаў, для нас азначае, што мы ўхваляем гэты падатак. А мы яго не ўхваляем. Мы пісалі сумесную заяву з СБП і БАЖ, што мы супраць гэтага падатку. Але ў Мінкульт асобна не зьвярталіся, каб нас прызналі творчай арганізацыяй.
Праўда, адзін чалавек — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, які атрымаў летась „ліст шчасьця“, узяў даведку з ПЭН-цэнтру, і яго вызвалілі ад сплаты падатку», — кажа Павал Анціпаў.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.