За час ваеннага становішча Ўкраіна адмовіла 12 грамадзянам Беларусі ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю

Украінскі пункт пропуску, ілюстрацыйнае фота

Прычына адмовы ў тым, што беларусы, мужчыны ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, не пацьвердзілі памежнікам мэту паездкі.

За тыдзень, што на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці дзейнічае ваеннае становішча, Украіна адмовіла ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю 12 грамадзянам Беларусі.

«Ва ўсіх выпадках грамадзяне не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі, але ніводнаму грамадзяніну не было выстаўлена забароны на далейшае наведваньне Чарнігаўскай вобласьці або Ўкраіны», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Чарнігаўскага памежнага атрада.

Паводле суразмоўцы, усе беларусы — мужчыны ва ўзросьце ад 40 да 66 гадоў, жыхары Гомельскай вобласьці, і ўяжджалі яны на тэрыторыю Ўкраіны праз памежны пункт у Новых Ярылавічах.

У прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Свабодзе падкрэсьлілі, што крытэрый рызыкі «мужчыны ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў» мае дачыненьне да ўсіх замежных грамадзян, але выкарыстоўвацца найперш пры памежным кантролі грамадзян Расеі:

«На мяжы дзейнічае ўзмоцнены кантроль, падчас якога могуць выяўляцца групы рызыкі, і адпаведна больш пільная ўвага аддаецца грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі як краіны-агрэсара».

Ад 30 лістапада Ўкраіна на час ваеннага становішча ў памежных з Расеяй абласьцях забараніла ўезд на сваю тэрыторыю расейцам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, за выключэньнем гуманітарных мэтаў наведваньня краіны, у прыватнасьці, у сувязі са сьмерцю ці хваробай сваякоў. Украінскія памежнікі запэўнівалі, што гэтыя падыходы ня будуць распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча

  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну за тыдзень не пусьцілі 189 грамадзянаў Расеі, якія ляцелі празь Менск