Паводле самага нэгатыўнага сцэнару Беларусь з прычыны падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі можа страціць 10 млрд даляраў, заявіў намесьнік міністра фінансаў Андрэй Белкавец на форуме для замежных інвэстараў BelarusCrossway’18 (адбыўся 29 лістапада), відэазапіс якога апублікавалі арганізатары мерапрыемства.
Намесьнік міністра нагадаў, што Беларусь вядзе перамовы з Расеяй па пытаньні кампэнсацыі наступстваў падатковага манэўру.
«Урады цяпер вядуць перамовы, і, наколькі вядома, ёсьць разуменьне ў расейскага боку таго, што ня можа быць рэалізаваны падатковы манэўр без уліку інтарэсаў Беларусі», — сказаў Белкавец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад падатковага манэўру Расеі беларускі бюджэт можа страціць 8 мільярдаў даляраўПры гэтым ён адзначыў, што ў бюджэт на 2019 год Мінфін пакуль не закладваў кампэнсацыю, паколькі яе велічыня невядомая. Намесьнік міністра таксама паведаміў, што яго ведамства пралічыла магчымыя страты краіны ў выпадку, калі Беларусь не атрымае кампэнсацыю ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое расейскі нафтавы падатковы манэўр і чым ён пагражае Беларусі«Самы нэгатыўны сцэнар — бакі не дамовіліся, разышліся па сваіх пакоях і глядзяць адзін на аднаго, — сказаў намесьнік міністра фінансаў. — На працягу шасьці гадоў (за час рэалізацыі падатковага манэўру) страты для Беларусі, калі нічога ня зьмяняць, складуць каля 10 млрд даляраў, зь іх 3 млрд — выпадаючыя прыбыткі бюджэту. 6 млрд — пагаршэньне эканомікі двух нафтаперапрацоўчых заводаў», — сказаў Белкавец.
Пры гэтым ён выказаў упэўненасьць, што «такога ня будзе» і Беларусь атрымае ад Расеі кампэнсацыю наступстваў падатковага манэўру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар фінансаў: замежны доўг Беларусі сёлета складзе 40% ад ВУП«Будуць уводзіцца пэўныя кампэнсацыйныя меры. Заводы ня будуць перапрацоўваць столькі, колькі можна. Істотна ўпадзе імпарт нафты. Нэгатыўны ўплыў на эканоміку заводаў будзе мінімізаваны зыходзячы з неабходнасьці перапрацоўкі. Страты даходаў бюджэту будуць кампэнсавацца за кошт у тым ліку скарачэньня выдаткаў», — растлумачыў Белкавец.
Асаблівых магчымасьцяў, дадаў ён, для павелічэньня даходаў беларускага бюджэту няма. «Тым больш што з 1 студзеня ўступіць у сілу новы Падатковы кодэкс і будзе ўведзены мараторый на зьмяненьне ставак падаткаў. Такім чынам, за кошт павелічэньня падатковых ставак мы наўрад ці нешта атрымаем», — сказаў чыноўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белнафтахім: Расейскі падатковы манэўр можа прывесьці да падаражэньня нафты для Беларусі на $20«Але наогул такія дзеяньні Расеі супярэчаць сутнасьці стварэньня адзінай эканамічнай прасторы, якая прадугледжвала стварэньне адзінага рынку энэрганосьбітаў. Фактычна, гэтыя дамоўленасьці будуць дэзавуяваныя. Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінны з гэтым пагадзіцца, такога ня будзе. Вернемся да пытаньня мэтазгоднасьці знаходжаньня Беларусі ў такім саюзе, яго далейшага існаваньня », - падкрэсьліў намесьнік міністра фінансаў.