З 27 лістапада памежнікі Ўкраіны, дзе пасьля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы ў 11 абласьцях дзейнічае ваеннае становішча, не прапускаюць на тэрыторыю краіны некаторых расейцаў, якія ляцяць празь Менск. З гэтай прычыны самалётамі «Белавія» ў Менск, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, ужо вярнуліся больш за 80 расейскіх грамадзянаў, якія спрабавалі трапіць у Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні ўкраінскія памежнікі не прапусьцілі 85 расейцаў пасьля авіярэйсаў зь МенскуМіж тым некаторыя з пасажыраў з расейскімі пашпартамі пасьпяхова праходзяць памежны кантроль ва Ўкраіне. Чаму адным можна, а другім нельга? Чым тлумачаць украінскія памежнікі забарону для некаторых расейцаў наведваць Украіну? Пра што пытаюцца памежнікі ў расейцаў?
Каб атрымаць адказы на гэтыя пытаньні, карэспандэнт Свабоды сёньня выправіўся ў менскі аэрапорт, дзе пасьля 16 гадзіны прымалі рэйсы з Кіева, Львова і Адэсы. На той момант ужо было вядома, што забарона наведваць Украіну распаўсюджваецца на расейскіх мужчын узростам ад 16 да 60 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна забараніла ўезд расейцам-мужчынам. «Белавія» і Беларуская чыгунка прадаюць ім квіткі без абмежаваньняўАлег Седлік, рэйс Кіеў — Менск, грамадзянін Расеі, узрост больш за 60 гадоў
«У Кіеў прыляцеў у аўторак, 27 лістапада. На мяжы ва ўсіх пыталіся, ці быў у Крыме і на Данбасе. Я адказваў, што ня быў. Яшчэ пыталіся, зь якой мэтай еду ва Ўкраіну. Патлумачыў, што па асабістых справах. Ці ёсьць для паездкі дастаткова грошай? Паказаў, што ёсьць. Больш пытаньняў не было, не чапляліся, прапусьцілі. Ня бачыў, каб пры мне каго завярнулі, хоць пра такую праблему ведаю. Усе пра гэта гавораць».
Мужчына 40 гадоў, які не назваў імя, рэйсу Кіеў — Менск
«Так, я грамадзянін Расеі, быў у Кіеве некалькі дзён. Пыталіся пра Крым, пра Данецк і Луганск, дзе я ня быў. Пыталіся і пра мэты паездкі, але я ведаю, што на такія пытаньні можна не адказваць. Не адказаў — і нічога. Ня сталі больш да мяне чапляцца і прапусьцілі. Вось вяртаюся назад у Маскву».
Жыхар Украіны, рэйс Львоў — Менск
«На нашым рэйсе вернутых з Украіны расейцаў дакладна не было, мы ж у самалёце кантактавалі паміж сабой. Навошта гэта робіцца? Пытаньне не да мяне, да ўладаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна не пусьціла на сваю тэрыторыю 8 беларусаў, але агульнай забароны няма, — Памежная служба ЎкраіныУ выніку ніхто з пасажыраў рэйсаў з Кіева, Львова і Адэсы так і не прызнаўся, што ён расейскі грамадзянін, якога ўкраінскія памежнікі не пусьцілі ва Ўкраіну. Але што такія пасажыры ўсё ж былі, журналістам стала вядома пасьля наведваньня стойкі, дзе амаль адначасова ішла рэгістрацыя на рэйс Менск — Масква. Супрацоўніца ў форме распавяла:
«Толькі што на рэйс прайшла сямейная пара, маладыя муж і жонка. Іх дакладна не пусьцілі, і яны вяртаюцца ў Расею. Але чаму, не сказалі».
Паводле назіраньняў працаўнікоў менскага аэрапорту, зь якімі ўдалося пагаварыць, колькасьць расейцаў, што вяртаюцца з Украіны ў Беларусь пасьля няўдалай спробы прайсьці ўкраінскі памежны кантроль, паступова зьмяншаецца:
«Ды ўсе ўжо ведаюць, што не прапусьцяць. Чаго ехаць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статус уцекача ў Беларусі маюць 4 украінцы. Ці бясьпечна тут іншаземцам