28 лістапада Беларусь выслала былога таджыцкага футбаліста. А грамадзянка Расеі і прэсавая сакратарка АГП Красуліна рашэньне беларускіх уладаў аб сваёй высылцы абскарджвае ў судзе.
Пра тое, што адбываецца ў Беларусі зь мігрантамі і ці можна знайсьці тут абарону, гутарым з сузаснавальніцай праваабарончай арганізацыі Human Constanta Настай Лойкай.
- Стала ў Беларусі пражываюць каля 174 тысяч іншаземцаў. Часова — каля 47 тысяч.
- Толькі 4 грамадзяніны Ўкраіны атрымалі ў Беларусі статус уцекача. Але статус дадатковай абароны з 2014 году маюць 2 690 чалавек.
- У беларускай турме сядзіць іранец, які пражыў у Беларусі амаль 25 гадоў. Яго могуць выслаць у Іран, дзе яму пагражае сьмерць.
- Цяпер у Берасьці каля 150 уцекачоў з Чачні, якія хочуць выехаць у Польшчу.
- Беларусь пачне будаваць цэнтры для мігрантаў паводле дамовы з ЭЗ. Але для тых, хто ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
— Наста, літаральна ўчора Беларусь выслала грамадзяніна Таджыкістану. Праўда, не ў Таджыкістан, які яго абвясьціў у вышук, а ва Ўкраіну. Гэта толькі адзін з выпадкаў, за якім сачылі беларускія праваабаронцы. Яны ўсе такія абуральныя?
— Кожная гісторыя па-свойму абуральная. Я асабіста пачала займацца праблемай іншаземцаў з гісторыі хлопца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрыка Мангалуа. Ён доўга знаходзіўся ў ізалятары, і на сёмы месяц проста ляжаў на ложку і не ўставаў. Так гэта яго закранула і псыхалягічна, і фізычна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангалезец пакінуў і Акрэсьціна, і БеларусьЗ актуальных і цяжкіх справаў — гэта справа грамадзяніна Ірану Мехрдада Джамшыдыяна, які даўно жыў у Беларусі, мае тут сям’ю і дзяцей. А ў Іране яго сталі абвінавачваць у забойстве. Яго ўжо даўно няма ў базе Інтэрполу, але ў Беларусі ён два гады жыў бяз пашпарта, бо яму было небясьпечна ісьці ў амбасаду Ірану, а беларускія ўлады адмаўляліся яму даваць статус уцекача.
У пачатку лета ён быў затрыманы, і ўжо трэці раз знаходзіцца пад вартай паводле гэтых «міграцыйных» працэдураў. Я за яго вельмі перажываю, бо ён мае ўсе шанцы зазнаць катаваньні і сьмяротнае пакараньне, калі вернецца ў Іран. Беларусь відавочна ня хоча яго пакідаць тут, хоць дастаткова было даць яму від на жыхарства.
— У Беларусі людзі наслухаліся пра мігранцкі крызіс у Эўропе і часта ўспрымаюць гэта як катастрофу. Якая насамрэч сытуацыя з мігрантамі?
— Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі вядзе падрабязную статыстыку ў розных аспэктах. Агульныя тэндэнцыя: усе лічбы, зьвязаныя зь міграцыйнымі працэсамі, у Беларусі не павялічваюцца. А колькасьць тых, хто на працяглы час хоча застацца ў нашай краіне, нават зьніжаецца.
Транзытам за першае паўгодзьдзе 2018 году Беларусь наведалі 2,12 мільёна разоў. Гэта вялізная лічба. Але выехалі 2,27 мільёна, г. зн. больш. Стала ў Беларусі пражываюць каля 174 тысяч іншаземцаў. Часова — каля 47 тысяч.
Сёлета статус сталага пражываньня ў Беларусі папрасілі 4 401 чалавек. Я лічу, што гэта досыць вялікая лічба.
— Часта таксама баяцца, што мігранты будуць непаважліва сябе паводзіць, парушаць законы, рабіць злачынствы. Гэта апраўданыя асьцярогі?
— Статыстыка гэтага не пацьвярджае. Такія людзі знаходзяцца пад больш пільным наглядам: яны мусяць рэгістравацца, пражываць па месцы рэгістрацыі, іх могуць часьцей правяраць. Усё гэта не спрыяе правапарушэньням. Правапарушэньні, якія яны ўчыняюць, зьвязаныя пераважна з парушэньнем міграцыйнага заканадаўства. Я лічу, што яны не нясуць такой грамадзкай шкоды. Ніхто ад адсутнасьці рэгістрацыі не пакутаваў, апроч дзяржавы, зацікаўленай у бюракратычнай працэдуры.
— Улада часта кажа пра тое, што Беларусь прыняла дзясяткі тысяч уцекачоў з Украіны. Але нядаўна была інфармацыя, што статус уцекача з украінцаў атрымаў толькі адзін. Ці так гэта?
— Для грамадзян Украіны прыняты спэцыяльны ўказ прэзыдэнта № 420, які спрашчае іхнае знаходжаньне тут. Яны могуць быць у Беларусі большую колькасьць дзён без рэгістрацыі, іх прыраўнялі фактычна да грамадзян Расейскай Фэдэрацыі. У іх больш простая працэдура працаўладкаваньня, атрыманьня дакумэнтаў, яны маюць права на аказаньне мэдыцынскай дапамогі.
Ім без праблем даюць дазвол і на часовае, і на сталае пражываньне. Але частка сапраўды зьвяртаецца па статус уцекача ці падае хадайніцтва аб дадатковай абароне. Іншаземцы звычайна могуць легалізавацца ў краіне знаходжаньня празь сямейны статус, навучаньне і іншыя прычыны. Калі фармальных прычын няма, але яны адчуваюць небясьпеку ў краіне свайго паходжаньня, яны могуць зьвярнуцца па статус уцекача ці па дадатковую абарону. Вайна — адна з такіх прычын.
У 2014 годзе такіх украінцаў было 664 чалавекі, у 2015 — 978, у 2016 — 637. За першую палову 2018 году з такім хадайніцтвам зьвярнуліся 413 грамадзян Украіны. А ўсяго за гэтыя паўгода зьвярнуліся 457 чалавек. Заўважце, што грамадзян Украіны найбольш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь уцякаюць у асноўным украінцы. Віетнамцы, сырыйцы, пакістанцы імкнуцца ў ЭўразьвязАднак за ўсе гады (з 1997-га) статус уцекача ў Беларусі атрымалі чацьвёра грамадзян Украіны. У 2015 годзе — 1 чалавек, у 2016-м — 2 чалавекі, у 2017-м — 1.
Улічыце, што Беларусь мала каму дае статус уцекача. Такіх выпадкаў менш за 1%. Але вельмі часта даюць статус дадатковай абароны. Гэта часовы статус, які чалавек атрымлівае на год. Пасьля дзяржава зноў разглядае абставіны: напрыклад, можа зьнікнуць пагроза, ад якой чалавек пакінуў сваю краіну. І што тычыцца грамадзян Украіны, то з 2013 году такі статус атрымалі 2 690 чалавек.
— Ва ўсіх на слыху выпадкі, калі грамадзян Украіны затрымлівалі ў Беларусі на запыт сілавых ведамстваў Расеі. Так было зь пісьменьнікам Сяргеем Жаданом, нядаўна з журналістам Міколам Балабанам. Ці ўсім украінцам бясьпечна прыяжджаць у Беларусь?
— Ёсьць база асобаў, знаходжаньне якіх не пажаданае ці забароненае на тэрыторыі Беларусі. Гэта людзі, якім пагражае высылка ці дэпартацыя. У нейкі момант гэтая база аб’ядналася з такой жа базай у Расеі. Таму было шмат непрыемных выпадкаў, калі грамадзян Украіны, якія прыяжджалі ў Беларусь, знаходзіла міграцыйная служба і прасіла іх пакінуць тэрыторыю краіны, спасылаючыся на тое, што яны ў сьпісе Расеі.
Але бывае, што расейскія спэцслужбы зацікаўленыя ў канкрэтных людзях і спрабуюць выбавіць іх на тэрыторыю Беларусі. Мы памятаем гісторыю з Паўлам Грыбам, які проста зьнік у Гомлі і раптам знайшоўся ў СІЗА ў Расеі. Гэта пагрозьлівыя выпадкі. У каго ёсьць адчуваньне, што такое магчыма, лепш сюды не прыяжджаць. У арганізацыі Human Constanta ёсьць асобныя рэкамэндацыі для наведваньня Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі адрэагавалі на заяву Клімкіна пра небясьпеку знаходжаньня ўкраінцаў у Беларусі— Чыгуначны вакзал у Берасьці вядомы як вузел міграцыі для ўцекачоў з Чачні. Яшчэ год таму сытуацыя на польскай мяжы была вельмі вострая, людзі нават зладзілі стыхійны лягер. Ці сьцішылася сытуацыя ў апошнія месяцы?
— Праблема на мяжы з Польшчай ня вырашылася. Польшча, як і раней, пускае ня ўсіх, хто просіць статус уцекача на мяжы. Сёньня ехалі 10 сем’яў, прапусьцілі адну. Мы спрабуем штодня рабіць маніторынг вакзалаў, апытваем людзей, што ў іх адбываецца, кансультуем, прапануем гуманітарную дапамогу. Колькасьць людзей трохі паменела. Па нашых ацэнках, цяпер гэта каля 150 чалавек. Хоць бываюць і пікі па 450 чалавек.
Гэта ня толькі прававая, але і палітычная праблема. Пакуль ня зьменіцца нешта істотна, падазраём, што і памежная сытуацыя застанецца такой жа, і нашая праца там будзе актуальная.
— Ці шмат хто з чачэнскіх уцекачоў застаецца ў Берасьці і як надоўга?
— Яны збольшага грамадзяне РФ і маюць права знаходзіцца ў Беларусі 90 дзён без рэгістрацыі. Але і тут ёсьць праблемы, бо міграцыйная служба мае права скарачаць тэрмін знаходжаньня. Могуць асобным людзям выпісаць прадпісаньне пакінуць краіну на працягу 5 дзён, асабліва нічога не тлумачачы. Па нашых адчуваньнях, гэта замова на канкрэтных людзей, каб прыбраць іх зь Берасьця.
Цягам апошніх двух месяцаў 2-3 разы было такое, што ўцекачы вярталіся з Тарэспалю ў Беларусь, памежнікі бачылі, што, паводле штампаў, у іх больш за 10 выездаў. Тады яны забіралі пашпарты і перадавалі ў міграцыйную службу. І ім скарачалі тэрмін знаходжаньня, бо, паводле іхнай інфармацыі, нібыта Польшча не пускае людзей, у якіх больш за 10 спробаў. Хоць наш маніторынг паказвае, што людзей пускаюць і зь першай, і з дваццатай спробы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як чачэнскія ўцекачы правяраюць беларусаў на талерантнасьцьСам факт забіраньня пашпартоў і не пакіданьня даведкі — гэта вельмі грубае парушэньне. Да таго ж людзей штурхалі на адміністрацыйную адказнасьць, бо калі іншаземцы ў Беларусі знаходзяцца ў публічным месцы бяз пашпарта — гэта ўжо сур’ёзнае правапарушэньне. Але пасьля скаргаў апошнія тры тыдні такога не было.
— Што вам вашыя падабаронныя іншаземцы расказваюць пра талерантных беларусаў?
— Вось Парвіз, якога выслалі зь Беларусі, казаў, што ўсе нармальна ставяцца, не было прэтэнзій ані да ягонай барады, ані да зьнешнасьці. Я асабіста мала ведаю выпадкаў, калі на людзей нападаюць толькі за тое, што яны аднекуль прыехалі. Але мы цяпер адсочваем выпадак, калі на людзей напалі з нажом за тое, што яны цыганскага паходжаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У СІЗА прасілі згаліць бараду». Зь Беларусі выслалі былога таджыцкага футбаліста. ФОТАУвогуле пытаньне перадузятага стаўленьня і неталерантнасьці ў грамадзтве па прыкмеце нацыянальнага паходжаньня, веравызнаньня, прысутнічае. Адмаўляць гэта бессэнсоўна.
— Беларусь абяцала распачаць будаўніцтва цэнтраў для мігрантаў паводле дамовы з Эўразьвязам. Ці ў такіх цэнтрах могуць быць разьмешчаныя людзі, якія шукаюць паратунку ў краінах ЭЗ?
— Паводле нашай інфармацыі, будаваньне альбо пераабсталяваньне гэтых спэцыяльных цэнтраў мусіць неўзабаве пачацца. Да гэтага падключаны шэраг арганізацый, якія займаюцца іншаземцамі. А мы актыўна спрабуем дамагчыся, каб была опцыя грамадзкага кантролю за гэтымі месцамі.
Ніхто людзей, якія просяць прыстанішча ў іншых краінах, сюды прысылаць ня будзе. У гэтых месцах будуць утрымліваць людзей, якія і так знаходзяцца ў Беларусі і зьняволеныя за парушэньне міграцыйнага заканадаўства. Напрыклад, яны згубілі пашпарт ці пратэрмінавалі візу. Сёньня яны ўтрымліваюцца ў нашых ІЧУ ў вельмі кепскіх умовах, хоць зразумела, што іхнае правапарушэньне не суадноснае такому пакараньню і прынцыпам гуманнасьці.
Стварэньне такога міграцыйнага цэнтру — гэта пра паляпшэньне ўмоваў утрыманьня. Мы спадзяёмся і на актыўнае навучаньне супрацоўнікаў цэнтраў і намаганьні зрабіць гэта ў адпаведнасьці з усімі міжнароднымі стандартамі.
Іншаземцы, якія парушылі заканадаўства Беларусі, па-ранейшаму будуць знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі. Мы заўжды кажам, што ёсьць праблема зь юрыдычнай дапамогай для гэтых людзей, перакладам, працэсуальнымі правамі. Часта такія ж праблемы бываюць і ў грамадзян Беларусі. Але Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі досыць адкрыты, і памкненьне да працэдурнай нармалізацыі і гуманізацыі ёсьць. Адзін з апошніх прыкладаў — цяпер іншаземцы ў Беларусі змогуць знаходзіцца без рэгістрацыі 10 дзён, а зарэгістравацца онлайн.