Судзьдзя Першамайскага раённага суду Сьвятлана Чараповіч спыніла адміністрацыйную справу супраць сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція, якога 26 лістапада затрымала міліцыя падчас зьбіраньня міласьціны.
Айца Вікенція вінавацілі ў хуліганстве.
«БПЦ езьдзіць на лімузінах, іх ахоўваюць, а нам даводзіцца зьбіраць міласьціну па дамах і цярпець перасьлед», — казаў айцец Вікенці.
Сьведкамі супраць сьвятара былі два жыхары дамоў 4 і 2 на вуліцы Пятра Мсьціслаўца ў Менску. Сьведкі блыталіся ў паказаньнях і казалі, што бачылі сьвятара толькі праз вочка дзьвярэй. Таксама іхныя паказаньні не супадалі з пратаколам, які быў складзены на айца Вікенція.
«Відаць, судзьдзя — сапраўдная хрысьціянка, калі прыняла такое рашэньне, якое не супярэчыць законам і на зямлі, і на небе», — пракамэнтаваў пастанову суду айцец Вікенці.
Сьвятар зьбіраецца скардзіцца на міліцыянтаў Першамайскага РУУС, якія яго затрымалі і зьмясьцілі ў пастарунак, дзе ён прабыў ноч. Сьвятар сказаў, што паказваў міліцыянтам пасьведчаньне аб інваліднасьці 2-й групы, пры якім нельга зьмяшчаць за краты, але міліцыянты на гэта не зьвярнулі ўвагі і называлі яго шарлатанам.
Як затрымалі сьвятара
Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада. Як цяпер ведае айцец Вікенці з дакумэнтаў, міліцыянтаў выклікалі два насельнікі дома, дзе ён зьбіраў міласьціну. Але сьвятар ня верыць, што гэтыя людзі сапраўды былі нечым пакрыўджаныя.
«Так, я хадзіў па кватэрах і прасіў грошай на царкву. Зразумела, што і на сваё пражыцьцё, бо ўсе сьвятары жывуць з грошай, якія даюць прыхаджане. Але ж я нікога не прымушаў, нікога не абражаў. Шмат хто даваў грошы — сабраў 52 рублі. Былі і тыя, хто адмаўляў, але я ня крыўдзіўся і сыходзіў. У чым тут парушэньне парадку, не разумею», — сказаў айцец Вікенці Свабодзе.
Увечары 26 лістапада айца Вікенція затрымалі, прывезьлі ў Першамайскі апорны пункт міліцыі і пакінулі на ноч у пастарунку.