Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў ціск беларускіх уладаў на незалежныя прафсаюзы

Камітэт правоў чалавека (КПЧ) Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў прызнаў парушэньні з боку Беларусі ў форме ціску на незалежны прафсаюз на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, паведамляе сайт незалежнага прафсаюзу РЭП.

Рашэньне КПЧ ня мае тэрміну даўнасьці, таму рана ці позна ўладам давядзецца адказваць.

Усё пачалося яшчэ 6 гадоў таму

3 ліпеня 2012 году актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак падаў заяўку на правядзеньне ў цэнтры Рэчыцы мірнага сходу, на якім хацеў пратэставаць супраць перасьледу незалежнага прафсаюзу на «Граніце».

Крыху раней каля 600 работнікаў «Граніту» добраахвотна выйшлі з афіцыйных прафсаюзаў на знак пратэсту супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў і дрэннай працы прафсаюзнага камітэту прадпрыемства. Больш за 200 працоўных вырашылі далучыцца да Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. На гэта кіраўніцтва прадпрыемства пры падтрымцы ўладаў адказала рэпрэсіямі.

Андрэй Стрыжак, архіўнае фота

РЭПаўцы падтрымлівалі гарнякоў зь незалежнага прафсаюзу ў розных гарадах. У Рэчыцы гэта вылілася ў забаронены пікет, а далей — у індывідуальны зварот (скаргу) спадара Стрыжака ў КПЧ ААН.

У ААН прызналі, што беларуская дзяржава парушыла правы Андрэя Стрыжака на мірны сход і выказваньне свайго меркаваньня. Пра гэта стала вядома з атрыманага рашэньня, прынятага 8 лістапада (справа № 2260 / 2013 году) на 124-й сэсіі КПЧ.

Беларускі ўрад абавязаны кампэнсаваць актывісту ўсе ягоныя страты. Урад таксама абавязаны афіцыйна апублікаваць дадзенае рашэньне на расейскай і беларускай мовах і цягам 180 дзён паведаміць Камітэту пра яго выкананьне.

Амаль 400 беларусаў скардзіліся ў ААН на парушэньні сваіх правоў, больш за 250 скаргаў былі прынятыя да разгляду. Але беларуская дзяржава ніяк не рэагавала на гэтыя скаргі. Старшыня камісіі па правах чалавека беларускай Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што «беларускія грамадзяне маюць права зьвяртацца куды заўгодна», а скаргамі ў ААН ён не займаўся.

«Пакуль беларускі ўрад кажа, што рашэньні ААН адносна гэтых скаргаў носяць рэкамэндацыйны характар, што яны нават ня мусяць да іх прыслухоўвацца», — казаў Свабодзе юрыст Леанід Судаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Засуджаны ўладамі кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніч пакінуў пасаду