Свабода прааналізавала, што адбываецца з продажам беларускіх тавараў у замежныя краіны пасьля сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам гэтых краін.
За дзевяць месяцаў гэтага году экспарт беларускіх тавараў у іншыя краіны павялічыўся на 18%, паведамляе Белстат. Найбольш вырасьлі пастаўкі ў краіны Эўразьвязу: плюс 42,8% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
Аляксандар Лукашэнка ў перамовах з кіраўніцтвам іншых краін увесь час уздымае тэму экспарту беларускіх тавараў. Але ці мяняецца нешта пасьля такіх сустрэч? Мы паглядзелі, з кім сустракаўся Лукашэнка ў студзені-верасьні мінулага году і як гэта адбілася на росьце экспарту сёлета за такі ж пэрыяд.
«Разьвязку ў гандлі» знайшлі, але экспарт упаў
У сакавіку 2017 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Туркмэністан і сустрэўся з прэзыдэнтам гэтай краіны Гурбангулы Бэрдымухамэдавым. Гаварылі пра экспарт беларускіх тавараў.
«Мы знайшлі разьвязку многіх пытаньняў у гандлі ў гэты няпросты час. Думаю, прасоўваючыся ў гэтым кірунку, мы яшчэ нямала зробім і ў Беларусі, і на туркмэнскай зямлі», — сказаў Лукашэнка кіраўніку Туркмэністану.
Але экспарт тавараў у гэтую краіну прасеў на 41% у параўнаньні зь мінулым годам.
Тады ж у сакавіку Лукашэнка прыняў у сябе грузінскага прэзыдэнта Гіоргія Маргвэлашвілі. Кіраўнікі краін «пацьвердзілі зацікаўленасьць ва ўмацаваньні беларуска-грузінскага ўзаемадзеяньня на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сфэрах».
А экспарт беларускіх тавараў упаў на 23%, нягледзячы на афіцыйныя перамовы і зацікаўленасьць.
У траўні на сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Томіславам Нікалічам кіраўнік Беларусі ўзгадваў пра рост таваразвароту паміж нашымі краінамі.
«У нас няма закрытых тэм. Вы павінны ведаць, што мы заўсёды зь любоўю і павагай ставіліся да сэрбаў і будзем прытрымлівацца такой палітыкі», — упэўніваў Аляксандар Лукашэнка.
Таваразварот паміж абедзьвюма краінамі за восем месяцаў зьнізіўся на 39% у параўнаньні з такім жа мінулагоднім пэрыядам, экспарт упаў на 33%.
Дзьве сустрэчы і толькі +0,6% экспарту
З прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Лукашэнка за дзевяць месяцаў сустракаўся двойчы: у красавіку і чэрвені. 38% усяго беларускага экспарту ідзе ў Расею, але прырост, нягледзячы на дзьве сустрэчы, — усяго 0,6%.
Для параўнаньня, пасьля адной ліпеньскай сустрэчы зь Пятром Парашэнкам беларускі экспарт ва Ўкраіну вырас на 22%.
«Беларусь і Ўкраіна зацікаўленыя ў пашырэньні экспарту, разьвіцьці прамысловай каапэрацыі, сумесных праектах па мадэрнізацыі дарожна-транспартнай інфраструктуры», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь Пятром Парашэнкам.
Чэмпіёны — Судан і Казахстан
Найбольшы плён у пляне экспарту з усіх сустрэч дала размова з прэзыдэнтам Судану Амарам аль-Башырам у студзені 2017-га. Экспарт за дзевяць месяцаў даў 74% росту. Гэта найлепшы паказчык па экспарце пасьля ўсіх сустрэчаў за дзевяць месяцаў мінулага году.
«Судан стаў для нас адным з найважнейшых партнэраў на афрыканскім кантынэнце», — казаў Лукашэнка прэзыдэнту Судану.
На другім месцы па плённасьці чэрвеньская сустрэча зь лідэрам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым: +43% прыросту.
Агулам за восем месяцаў мінулага году Лукашэнка правёў дзясятак сустрэч з кіраўнікамі розных краін. У трох выпадках экспарт у гэтыя краіны пасьля сустрэч зьнізіўся, у двух — значна вырас, у астатніх выпадках рост склаў ад 10 да 20%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Расею: Праглядаецца нацыянальны эгаізм у гандлі