Кіеўская гарадзкая рада ўхваліла рашэньне аб перайменаваньні вуліцы Цьвярской у адным з цэнтральных раёнаў у вуліцу Ежы Гедройця — ураджэнца Менску, вядомага польскага літаратара, палітыка, заснавальніка і рэдактара часопіса Kultura, які выходзіў у Парыжы.
Прапанову яшчэ ў траўні зацьвердзіла камісія Кіеўрады ў пытаньнях культуры, турызму і інфармацыйнай палітыкі. Сёньня на сэсіі гарадзкой рады за яе прагаласавалі 79 дэпутатаў.
З ініцыятывай ушанаваць імя Ежы Гедройця выступіў увосень 2017 году Ўкраінска-польскі форум партнэрства. Далей гэтую прапанову падтрымалі шэраг дзеячоў культуры Ўкраіны, і на гэтай падставе была створана адпаведная пэтыцыя да кіеўскіх уладаў, за якую прагаласавалі і жыхары Кіева.
У Менску імя Ежы Гедройця таксама ўшанавана — яго імем названая адна з вуліц у Маскоўскім раёне беларускай сталіцы. Імя Гедройця носіць і прэстыжная літаратурная прэмія за найлепшы празаічны твор на беларускай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўплывае Прэмія Гедройця на ўспрыманьне беларускай літаратуры?Ежы Гедройць нарадзіўся 27 ліпеня 1906 году ў Менску ў сям’і аптэкара. Ён быў нашчадкам зьбяднелага старадаўняга літоўскага княскага роду. У 1919 годзе яго бацькі пераехалі ў Варшаву і загінулі ў 1944 годзе ў Варшаўскім паўстаньні.
Ежы Гедройць вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, вывучаў гісторыю Ўкраіны, пасьля працаваў у прэсавым бюро Рады міністраў і сакратаром-рэфэрэнтам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Польшчы.
Менавіта Ежы Гедройць быў аўтарам тэрміну «расстралянае адраджэньне» — так ён назваў анталёгію ўкраінскай літаратуры. Гедройць казаў: «Калі б нехта спытаў мяне пра маю радзіму, я б адказаў, што гэта Ўсходняя Эўропа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэкамунізацыя ва Ўкраіне: беларуская тапаніміка жыве