Мітрапаліт Павел станоўча адказаў на просьбу вернікаў аднавіць беларускамоўныя службы ў прыходзе ў гонар Архангела Міхаіла.
Нагадаем, пасьля звальненьня айца Аляксандра Шрамко чарговая беларускамоўная служба ў лістападзе не адбылася, пад пагрозай былі далейшыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эпархіяльная рада вінаваціць сьвятара Аляксандра Шрамка «ў ачарненьні царквы»Настаяцель храма ў менскім мікрараёне Сухарава Ігар Галакаў казаў, што на Раство, а таксама ў найбліжэйшыя месяцы беларускамоўнай літургіі не плянуецца, апрача магчымай у будны дзень на працягу калядаў. Патлумачыў гэта складанасьцямі з арганізацыяй такіх службаў і перагружанасьцю клірыкаў.
Адметнасьцю службаў у Сухараве было тое, што яны адбываліся па нядзелях і найвялікшых сьвятах у зручны час (9.00). Такія службы найбольш наведваюцца, бо нядзеля зьяўляецца галоўным богаслужбовым днём. (Для параўнаньня, у Петрапаўлаўскім саборы беларускія літургіі служацца толькі па суботах у 7.30).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі патрабуюць беларускамоўных літургіяў у прыходзе, зь якога звольнілі сьвятара ШрамкаВернікі зьвярнуліся да мітрапаліта і знайшлі падтрымку. Наступная літургія на беларускай мове ў Сухараве адбудзецца 16 сьнежня а 9 раніцы ў Ксеньнеўскім храме на вуліцы Янкоўскага, 2.
Як сказала Свабодзе праваслаўная актывістка, тэоляг Натальля Гарковіч, мітрапаліт увогуле прапаноўваў служыць у Сухараве па-беларуску штонядзелі, але было вырашана працягнуць ранейшую традыцыю, бо на прыходзе не хапае беларускамоўнага сьвятара.
Таксама было дамоўлена на Раство Хрыстова правесьці беларускамоўную сьвяточную службу ў Менскай духоўнай акадэміі а 9.00. Раней па-беларуску ў духоўнай акадэміі службы адбываліся зрэдку ў будныя дні а 6.30. У саборы ў гонар Пятра і Паўла па-беларуску служаць раньнія літургіі на сьвяты, толькі калі яны прыпадаюць на суботу (гэтак было ў 2006, 2012 і 2017 гадах).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Заслаўскай царкве пачалі весьці службы на беларускай мове. Дзе яшчэ?