Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін праз тры дні пасьля таго, як расейскія судны захапілі ўкраінскіх маракоў у Чорным моры, заявіў, што «гэта правакацыя, безумоўна, арганізаваная дзейнай уладай, у тым ліку прэзыдэнтам дзейным, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў сакавіку наступнага году».
Пра гэта Пуцін заявіў, выступаючы на форуме ВТБ Капітал «Россия зовёт!» Пятро Парашэнка назваў захоп расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх караблёў «прамым актам агрэсіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў у Менску патлумачыў сутнасьць «украінскай правакацыі»Пуцін таксама падкрэсьліў, што ваеннае становішча ва Ўкраіне ня ўводзілася за ўвесь час канфлікту на ўсходзе краіны, аднак яго ўвялі пасьля «невялікага інцыдэнту».
Пуцін «жартам», як напісаў ТАСС, выказаў здагадку, што, калі ўкраінскія ўлады «запатрабуюць сёньня немаўлят на сьняданак, то ім, напэўна, пададуць і немаўлят, скажуць: а што ж, яны хочуць есьці, з гэтым нічога ня зробіш».
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.