Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ня мае шанцаў перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў наступным годзе. Такое меркаваньне прэмʼер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева прыводзіць агенцтва ТАСС.
Заяву пра гэта прэмʼер Расеі зрабіў у рамове з журналістамі ў Менску у перапынку пасяджэньня міжўрадавай рады Эўразійскага эканамічнага саюзу.
«Відавочна, што сёньня дзейны прэзыдэнт Парашэнка ня мае шанцаў пры цяперашнім раскладзе перамагчы на выбарах і нават, можа быць, шанцаў выйсьці ў другі тур — заявіў Мядзьведзеў у размове з журналістамі. — І для таго, каб дамагчыся пэўных палітычных выгадных для дзеючага прэзыдэнта рашэньняў, і была, па ўсёй бачнасьці, зробленая гэтая самая правакацыя».
Правакацыяй расейскі прэмʼер назваў інцыдэнт у Чорным моры, які завяршыўся захопам украінскіх вайсковых судоў.
Мядзьведзеў не выключыў, што ўвядзеньне Кіевам ваеннага становішча можа прывесьці да адмены выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, заплянаваных на 31 сакавіка 2019 году.
«Вынік — увядзеньне ваеннага становішча, якое дае дзеючай уладзе магчымасьць як мінімум трошкі пагуляць цягліцамі, павялічыць падтрымку з боку насельніцтва. А можа быць, і максымальны варыянт разглядаецца — адмова ад правядзеньня выбараў, аб чым таксама ўкраінскія аналітыкі яшчэ год таму папярэджвалі», — заявіў Мядзьведзеў.
Кіраўнік расейскага ўраду лічыць, што інцыдэнт у Чорным моры створыць праблемы для эканомікі Ўкраіны.
«Відавочна, што гэта — дадатковае ўскладненьне тых працэсаў, якія ідуць ва Ўкраіне — заявіў прэмʼер, адказваючы на пытаньне ТАСС. — Гэта створыць або можа стварыць, ва ўсялякім разе, сурʼёзныя праблемы для эканомікі Ўкраіны». — дадаў Мядзьведзеў.