27 лістапада невядомыя асобы даслалі электронныя лісты з пагрозамі гомельскаму журналісту Кастусю Жукоўскаму і праваабаронцу Леаніду Судаленку. «Кастусь, ці на нары, ці ў войска. Беражы сябе, а то ў войску ўсялякае бывае, і на нарах таксама», — напісалі невядомыя.
З той жа электроннай скрыні ліст атрымаў і праваабаронца: «Думай галавой, каго ты абараняеш. Сьвядомы пойдзе ў войска як міленькі».
Кастусь Жукоўскі зьвязвае пагрозы з двума фактарамі.
- Актыўная журналісцкая дзейнасьць. «Некаму — ці абласным уладам, ці КДБ — я наступіў на хвост сваімі сюжэтамі», — лічыць ён. Пацьвярджэньне ягоным словам — 13 судоў з пачатку году па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу (незаконны выраб прадукцыі СМІ) і 10 міліцэйскіх пратаколаў з пачатку лістапада.
- Канфлікт з ваенкаматам. Зь вясны Жукоўскага спрабуюць забраць у «партызаны». Летам журналіст патраціў 15 дзён, каб прайсьці мэдыцынскую камісію. У выніку ў войска яго не ўзялі. «Час страчаны, працаваць я ня мог. Гэта перашкода маёй дзейнасьці. Зараз да мяне зноў чэпіцца ваенкамат — каб я зноў прайшоў мэдыцынскую камісію. Я ня буду, пакуль мне не дадуць адказ, чаму мяне летам не забралі ў войска», — кажа журналіст.
Хто можа пагражаць журналісту?
Жукоўскі лічыць, што гэта могуць быць «асобы, блізкія да структур улады, ваенкамату ці КДБ, якія ў іх «на кручку». «Дробны шантаж», — кажа журналіст.
Мэтай пагроз ён лічыць «шальмаваньне» і «перашкоды ў прафэсійнай працы».
Праваабаронца Леанід Судаленка неаднаразова аказваў журналісту юрыдычную дапамогу, у тым ліку дапамагаў складаць скаргі ў ваенкамат, суды, міліцыю, Камітэт ААН па правах чалавека. Пагрозы на свой адрас праваабаронца зьвязвае менавіта з дапамогай Жукоўскаму — так і напісана ў лісьце.
Журналіст і праваабаронца зьвярнуліся ў міліцыю
Судаленка і Жукоўскі напісалі на зламысьнікаў заяву ў УУС Гомельскага аблвыканкаму — просяць устанавіць IP-адрасы і прыцягнуць да адказнасьці невядомых. Праваабаронца, аднак, не спадзяецца, што міліцыя знойдзе зламысьнікаў.
«Тры гады таму я зьвяртаўся ў міліцыю, калі пагражалі мне і маім дзецям — праз тое, што я абараняў „сьмяротніка“ Аляксандра Грунова. Яму прысудзілі расстрэл. „Добразычліўцы“ пісалі мне, што варта падумаць пра сваіх дзяцей. Міліцыя не знайшла вінаватых, спасылаючыся на адсутнасьць неабходнага абсталяваньня, зьвязанага са злачынствамі праз кампутары», — кажа праваабаронца.
Ён высока цэніць дзейнасьць Жукоўскага як журналіста і лічыць, што такі перасьлед зьвязаны зь яго вострымі сацыяльнымі сюжэтамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі, прыйдуць хутка і па вас». Сьвятлана Алексіевіч падтрымала журналістаў са «справы БелТА»