Карэспандэнтка Свабоды высьвятляла, як ва Ўкраіне рыхтуюцца да жыцьця ва ўмовах ваеннага становішча і як гэта можа паўплываць на беларускіх грамадзян.
Ад 9-й раніцы 28 лістапада ў Чарнігаўскай вобласьці, адзінай з тых, што мяжуюць зь Беларусьсю, уводзіцца ваеннае становішча. Гэты рэгіён застаецца лідэрам па колькасьці беларусаў, якія сбды прыяжджаюць: адны — пабачыць турыстычныя цікавінкі месца, якое мае шмат агульнай гісторыі зь Беларусьсю, іншыя — наведаць сваякоў ці закупіцца на мясцовым рынку і ў крамах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае ваеннае становішча: што з самалётамі і цягнікамі зь Беларусі?Ці зьменіцца для грамадзян Беларусі рэжым наведваньня Чарнігаўшчыны?
Памежны рэжым не зьмяніўся
У Чарнігаўскай вобласьці працуе 14 памежных пунктаў пропуску, шэсьць зь іх — на мяжы зь Беларусьсю: аўтамабільныя — «Сянькоўка» і «Новыя Ярылавічы», чыгуначныя — «Харобічы», «Гарнастаеўка», «Няданчычы» і «Чарнігаў».
Паводле рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі, на памежных пунктах па ўсёй тэрыторыі ўводзіцца ўзмоцнены рэжым кантролю. Памежнікі будуць пільна аглядаць транспартныя сродкі і багаж ня толькі пры ўезьдзе на тэрыторыю Ўкраіны, але і пры выезьдзе. У рэдкіх выпадках памежнікі скануюць пашпарты беларусаў, але не тлумачаць прычынаў такіх дзеяньняў. У той жа час пералік тавараў, дазволеных да ўвозу-вывазу, і абмежаваньні на іх не зьмяняюцца.
Парадак пераходу мяжы
Пры часовым уезьдзе ва Ўкраіну аўтамабіль дэкляраваць ня трэба. Максымальны тэрмін знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі для машыны з замежнай рэгістрацыяй — адзін год. Памежны і мытны кантроль адбываецца адначасова, а выходзіць з транспартнага сродку на памежным пункце пропуску забаронена — памежнікі падыходзяць да аўтамабіляў і забіраюць дакумэнты для праверкі. Калі да асобаў турыстаў і іхнага багажу няма заўваг, дакумэнты вяртаюць, тым самым дазваляючы ўезд на тэрыторыю краіны. Сродкі самаабароны, як і ў Беларусі, увозіць забаронена. Без падатку праз украінскую тэрыторыю можна перавозіць тавары, сумарны кошт якіх не перавышае 500 эўра, а вага — 50 кіляграмаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае ваеннае становішча: што з самалётамі і цягнікамі зь Беларусі?Беларусаў на мяжы не паменела
На міжнародным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» Свабодзе сказалі, што паведамленьне пра ўвядзеньне ваеннага становішча ў Чарнігаўскай вобласьці не адбілася на колькасьці грамадзян Беларусі, якія штодня ўяжджаюць тут ва Ўкраіну. «Інтэнсіўнасьць паездак беларусаў не зьмянілася. Як езьдзілі раней, да ўвядзеньня ваеннага становішча, гэтак і сёньня праяжджаюць. Пераважна жыхары Гомельскай вобласьці, але ёсьць і зь іншых рэгіёнаў», — сказаў Свабодзе дзяжурны памежнік.
Ці будзе камэнданцкая гадзіна
Сёньняшні дзень усе мясцовыя ўлады абласьцей, дзе будзе ўведзены асаблівы прававы рэжым, пачалі з нарадаў. Але дагэтуль дакладна не вядома, якім чынам той рэжым будзе рэалізаваны — на працягу дня чакаюць адпаведных тлумачэньняў. У Чарнігаве — з Кіева, у раённых цэнтрах вобласьці — з Чарнігава.
У сучаснай Украіне гэта першы такі досьвед, хоць гісторыя мае адпаведны прыклад: у 1918 годзе ваеннае становішча абвясьціў гетман Паўло Скарападзкі, і якраз у тых самых рэгіёнах, што і цяпер. І падставы былі аналягічныя — такім чынам Украінская дзяржава рэагавала на пагрозы ўварваньня бальшавікоў з расейскай і беларускай тэрыторыі.
Цяпер ва ўсіх абласьцях Украіны створаныя рады абароны — гэта адбылося яшчэ ў 2015 годзе. Органы тэрытарыяльнай абароны актывізуюць сваю дзейнасьць, але якім чынам — не ўдакладняюць: інфармацыя таемная. Дагэтуль невядома, ці будзе абвяшчацца ў 10 «ваенных» абласьцях камэнданцкая гадзіна — для беларусаў гэта адзінае, што можа абмежаваць перамяшчэньні па гэтых рэгіёнах.
Абяцаюць правы не абмяжоўваць
«На сёньняшні дзень ніякіх абмежаваньняў канстытуцыйных правоў грамадзян ня ўводзіцца. У першую чаргу ваеннае становішча накіравана на ўзмацненьне боегатоўнасьці войскаў, каб апэратыўна супрацьдзейнічаць у выпадку магчымай агрэсіі», — падкрэсьліла ў размове са Свабодай намесьніца кіраўніка дэпартамэнту інфармацыйнай дзейнасьці і камунікацый з грамадзкасьцю Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аксана Сярдзюк.
Паводле яе, усе вайсковыя аб’екты вобласьці пераведзеныя ў стан падвышанай баявой гатоўнасьці:
«Адзінае — узмоцнены рэжым службы праваахоўных і вайсковых органаў і фармаваньняў. Сытуацыя на пэрымэтры мяжы ў Чарнігаўскай вобласьці кантралюецца, і абвастрэньня не прагназуецца».
У Дэпартамэнце грамадзянскай абароны і абароннай працы Чарнігаўскай абласной адміністрацыі ад дэталёвых камэнтароў адмаўляюцца. Тут мусяць спраўдзіць стан сховішчаў ды іншых аб’ектаў цывільнай абароны.
«На гэты момант ніякіх абмежаваньняў на перамяшчэньне грамадзян — беларусаў і ўкраінцаў — няма», — падкрэсьліў намесьнік дырэктара дэпартамэнту Станіслаў Юрчанка.
У памежным зь Беларусьсю Рэпкінскім раёне пра ваеннае становішча ведаюць яшчэ менш. Чакаюць распараджэньняў ад абласных уладаў.
Бяз панікі
Жыхары Чарнігава кажуць, што пакуль не адчуваюць ані трывог, ані абмежаваньняў.
«Крамы ў нас працуюць у звычайным рэжыме. Ніхто соль ці муку ў вялікіх аб’ёмах не скупляе. Да банкаматаў чэргаў няма. Ну, крышачку падаражэў даляр — але і на іх няма ажыятажу. Ведаеце, мы, на жаль, прызвычаіліся, што ў краіне вайна і яна трывае ўжо пяць гадоў. Паніка, верагодна была б, калі б такое рашэньне было ўхваленае пяць гадоў таму. А што цяпер яшчэ можа зьмяніцца з ваенным становішчам?» — кажа Свабодзе чарнігаўчанка Валянціна.
Аналягічныя думкі выказваюць жыхары і іншых абласьцей Украіны, дзе ад заўтра будзе абвешчана ваеннае становішча. Іх 10: Віньніцкая, Луганская, Данецкая, Запароская, Мікалаеўская, Адэская, Харкаўская, Сумская, Чарнігаўская і Хэрсонская. Усе чакаюць дзявятай раніцы — аб гэтай гадзіне заўтра пачне дзейнічаць ваеннае становішча.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.