Прэм’ер-міністар Сяргей Румас 24 лістапада зрабіў працоўную паездку ў Гарадзенскую вобласьць. Ён наведаў пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС. Пра гэта са спасылкай на прэсавую службу ўраду паведамляе агенцтва БелаПАН.
У Астраўцы Румас абмеркаваў з генэральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым ход работ на станцыі. Як растлумачыў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, беларускі бок задаволены ходам работ, наяўныя пытаньні будуць вырашаныя ў найбліжэйшыя два тыдні.
«На кожным з аб’ектаў адзначаны крытычныя пункты, па большасьці зь іх рашэньні прынятыя ўжо. У найбліжэйшыя два тыдні будуць адрэгуляваныя астатнія пытаньні. Цяпер работы праводзяцца згодна з плянам», — сказаў Ляшэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Астравец — самая непрыдатная пляцоўка для АЭС, але Астравецкага шляху ня будзеРумас наведаў ключавыя аб’екты станцыі, яму прадэманстравалі вытворчую базу, цэнтральны шчыт кіраваньня АЭС, навучальна-трэніровачны цэнтар, дзе рыхтуюць пэрсанал. Як праінфармавалі кіраўніка ўраду, на аб’екце выкладзена 96% прадугледжанага праектам аб’ёму бэтону (1,1 млн куб. м), змантавана 99% арматуры (156 тыс. т).
На другім энергаблёку змантаваны корпус рэактара і асноўнае абсталяваньне рэактарнай устаноўкі, вядзецца мантаж тэхналягічных трубаправодаў і пачаты мантаж сыстэм турбіны.
На пляцоўцы БелАЭС працуюць каля 8 тыс. чалавек будаўніча-мантажнага пэрсаналу, беларускімі арганізацыямі выканана прыкладна 60% агульнага аб’ёму работ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну аварыі на «Фукусіме» эколягі заклікалі спыніць будаўніцтва БелАЭСПершы намесьнік генэральнага дырэктара для апэрацыйнага кіраваньня дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксандр Лакшын адзначыў, што Беларуская АЭС будзе гатовая да завозу ядзернага паліва ў пачатку 2019 году. Будаўніцтва яе першага блёку знаходзіцца на завяршальным этапе.
Падчас рабочай паездкі прэм’ер-міністар Беларусі таксама наведаў інфармацыйны цэнтар БелАЭС у Астраўцы, агледзеў аб’екты сацыяльнай інфраструктуры і жылую забудову для энэргетыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская АЭС – гэта бомба і прэстыжЗ пачатку будаўніцтва атамнай станцыі тут здадзеныя ў эксплёатацыю 46 жылых дамоў на 2.737 кватэр. Абнавілася інфраструктура: пабудаваныя дзіцячыя сады, школа, паштовае аддзяленьне, крамы і кавярні, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басэйнам.
У найбліжэйшыя два гады ў эксплёатацыю плянуецца ўвесьці школу на 720 навучэнцаў, дзіцячы сад на 150 месцаў, бальнічны комплекс на 370 ложкаў, гандлёвы цэнтар і іншыя аб’екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская ўлада не зважае на небясьпеку «мірнага атаму»Беларуская АЭС ўзводзіцца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Увод у эксплёатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.
Эколягі Беларусі і Расеі ня раз выказвалі крытыку рашэньня пабудаваць АЭС у Беларусі. Супраць яе будаўніцтва на дзяржаўным узроўні выступае Літва.