Ад УПЦ Маскоўскага патрыярхату забралі Пачаеўскую лаўру

Сьвята-Ўсьпенская Пачаеўская лаўра

Першая намесьніца міністра юстыцыі Ўкраіны Алена Сукманава заявіла, што камісія міністэрства адмяніла рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі права карыстаньня на комплекс збудаваньняў Сьвята-Ўсьпенскай Пачаеўскай лаўры рэлігійнай арганізацыяй «Пачаеўская Сьвята-Усьпенская лаўра».

Сьвята-Ўсьпенская Пачаеўская лаўра ў горадзе Пачаеве Крамянецкага раёну Цярнопальскай вобласьці — найбольшая праваслаўная сьвятыня Валыні і другая ва Ўкраіне пасьля Кіева-Пячэрскай лаўры.

Арганізацыю «Пачаеўская Сьвята-Усьпенская лаўра» ўзначальвае мітрапаліт Украінскай праваслаўнай царквы маскоўскага патрыярхату Ўладзімір (Мароз), цяперашні настаяцель Пачаеўскай лаўры.

Паводле паведамленьня міністэрства, такім чынам камісія ў пытаньнях разгляду скаргаў у сфэры дзяржаўнай рэгістрацыі задаволіла скаргу Крамянецка-Пачаеўскага дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага запаведніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Канстантынопалі лічаць, што Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне больш няма

Члены міністэрскай камісіі прыйшлі да высновы, што рэгістратар ажыцьцявіў дзяржаўную рэгістрацыю права карыстаньня на комплекс збудаваньняў лаўры (Усьпенскага сабора, Траецкага сабора, манастырскіх кельляў, архіярэйскага дома, званіцы, надбрамнага корпуса) з парушэньнямі патрабаваньняў дзейнага заканадаўства.

«Менавіта таму гэтае рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі было адмененае, а дзяржаўнаму рэгістратару, які яго прыняў, заблякаваны доступ у дзяржаўны рэестар правоў на нерухомую маёмасьць», — адзначыла першая намесьніца міністра.