Падазраваная ў «справе БелТА» рэдактарка сайту tut.by Ульяна Бабаед паведаміла Свабодзе што, 23 лістапада ў пастарунку міліцыі Партызанскага раёну Менску ў яе зьнялі адбіткі пальцаў.
Фота для крыміналістычнага ўліку не зрабілі.
Як вынікае з паведамленьня Сьледчага камітэта ад 22 лістапада, прынята рашэньне аб пастаноўцы шэрагу абвінавачаных па справе БелТА на ўлік у адпаведнасьці з Законам «Аб дактыляскапічнай рэгістрацыі».
Сьледчы камітэт таксама паведамляе, што «гэта растлумачана фігурантам справы ў вусным парадку, аднак, у сродках масавай інфармацыі пазначаны факт быў інтэрпрэтаваны як пастаноўка на прафіляктычны ўлік. Дадзеная працэдура зьяўляецца абавязковай для ўсіх падазраваных (абвінавачаных) па ўсіх крымінальных справах асобаў».
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.