Страты ад дзейнасьці галоўнага рэдактара Tut.by ацанілі ў 10 тысяч рублёў, але абвінавачаньне ў несанкцыянаваным доступе зьнялі.
Сьледчы камітэт вінаваціць галоўнага рэдактара Tut.by Марыну Золатаву ў «бязьдзейнасьці адказнай асобы». Цяпер ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Гэты артыкул «цяжэйшы», чым у іншых 14 фігурантаў «справы БелТА».
Абвінавачаньне ў незаконным доступе да інфармацыі з галоўнага рэдактара Tut.by зьнялі. Але страты ад яе дзейнасьці ацанілі ў 10 тысяч рублёў. Гэта тыя заходы на БелТА, якія не ўдалося ідэнтыфікаваць — каму канкрэтна з падначаленых Золатавай яны належаць.
Як распавяла Свабодзе Марына Золатава, магчымасьці перавесьці яе справу ў адміністратыўную не было, бо да сёньня ёй не было высунутае абвінавачаньне.
«Сьледзтва яшчэ працавала над матэрыяламі, таму высунулі абвінавачваньне толькі сёньня. Ці перавядуць і маю справу ў адміністратыўную, невядома, бо гэта ж не ад мяне залежыць. Мой допыт сёньня доўжыўся больш за 3 гадзіны».
Раней улады спынілі крымінальны перасьлед карэспандэнта Deutsche Welle ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара realt.by Уладзіслава Кулецкага. Паўлюк Быкоўскі сплаціў выпісаныя яму страты і штраф.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.