Івонка Сурвіла заклікала беларусаў памятаць пра падзеі 98-гадовай даўніны, калі случакі, рызыкуючы жыцьцём, баранілі незалежнасьць Беларусі.
У Беларусі 25 лістапада адзначаюць 98-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Слуцкае паўстаньне — адна са спробаў абараніць беларускую дзяржаўнасьць і незалежнасьць у 1920 годзе ад савецкіх войскаў.
З гэтай нагоды свае віншаваньні беларусам перадала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
«Надыходзяць угодкі Слуцкага збройнага чыну, і, як заўсёды, напаўняецца сэрца адначасна захапленьнем гераізмам случакоў, якія ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына, і сумам, што іх ахвярнасьць была дарэмнай — бо было іх замала, каб стрымаць чужую навалу, не было адпаведнай зброі й ніхто ім не дапамог у іх змаганьні», — піша Івонка Сурвіла.
Старшыня Рады БНР падкрэсьлівае, што барацьба за незалежнасьць працягваецца і сёньня, а ўчынак случакоў 98-гадовай даўніны вучыць цаніць родную зямлю.
«Сёлетні год юбілейны для беларускай дзяржаўнасьці. Але мы бачым, як на фоне суседніх з намі краінаў, якія таксама сьвяткуюць стагодзьдзе сваёй незалежнасьці, рэжым у Беларусі фактычна праігнараваў гэтую найважнейшую дату», — падкрэсьлівае Івонка Сурвіла.
Як будуць ушанаваныя ўгодкі Слуцкага паўстаньня
Улады дазволілі на гадавіну Слуцкага збройнага чыну правесьці шэсьце і мітынг у Слуцку, Слуцкім, Капыльскім, Салігорскім раёнах. У той жа дзень у слуцкім Доме культуры пройдзе канцэрт Лявона Вольскага. Але да ўгодкаў паўстаньня плянуецца некалькі розных падзей:
— З 11.00 да 11.40 у Грозаве Капыльскага раёну ўскладуць кветкі да крыжа, пастаўленага ў гонар слуцкіх паўстанцаў, і правядуць мітынг.
— З 12.00 да 13.00 памятны мітынг пройдзе ў Семежаве Капыльскага раёну каля помніка паўстанцам у цэнтры мястэчка.
— З 13.30 да 14.00 мітынг дазволены ў вёсцы Чырвоная Слабада (да 1923 году — Вызна) Салігорскага раёну на месцы, дзе стаяў крыж удзельнікам Слуцкага паўстаньня.
— 15.00–16.30. Асноўны мітынг, прымеркаваны да 98-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады дазволілі яшчэ чатыры мітынгі з нагоды Слуцкага збройнага чынуСлуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстаньне — спроба збройнай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Райвыканкам і міліцыя зьвярнуліся да арганізатараў канцэрту на ўгодкі Слуцкага паўстаньня