Базу не занятых у эканоміцы беларусаў маюць сфармаваць да 1 сьнежня і разьмясьціць у адкрытым доступе на Адзіным партале электронных паслуг.
З 1 сьнежня плянуецца адкрыць доступ да базы, якая зьмесьціць усіх, каго залічылі ў сьпіс гэтак званых дармаедаў паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі № 1. Гэтая база будзе адкрытая і бясплатная, паведаміла намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч на сэмінары ў Віцебску, перадаюць «Витебские вести».
Доступ да базы на Адзіным партале электронных паслуг можна будзе атрымаць па логіне і паролі, якія будуць выдаваць праз праграмны комплекс «Адно вакно». Карыстацца базай змогуць дзяржаўныя органы, юрыдычныя і фізычныя асобы.
Нядаўна жыхарам некаторых рэгіёнаў разам з жыроўкамі пачалі прыходзіць паведамленьні, у якіх просяць пацьвердзіць сваю занятасьць у эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады патлумачылі, навошта рассылаюць новыя «лісты шчасьця» для дармаедаўЗгодна з дэкрэтам №1 не занятыя ў эканоміцы павінны з 1 студзеня 2019 году па поўным кошце аплачваць выдаткі за гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019 году — за газ (пры наяўнасьці індывідуальных ацяпляльных прыбораў) і цеплазабесьпячэньне.
Хто такія «дармаеды»?
Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, сплачваць збор памерам 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна дармаедаўДэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.
У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.
У абноўленым дэкрэце новага азначэньня «дармаедаў» няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы», і «працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць».
«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад вызначыў, хто такія «дармаеды» і што зь імі рабіцьАляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны 10 красавіка заявіў, што асноўная сутнасьць дэкрэту № 1 — у тым, каб людзі працавалі і аплачвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў галінах аховы здароўя, ЖКГ.