У 2019 годзе ўлады Беларусі хочуць увесьці адзіны тарыф на электраэнэргію

Будоўля Беларускай АЭС, 12 кастрычніка 2017 году, АЭС, БелАЭС, Астравец

У наступным годзе жыхары Беларусі будуць плаціць за электрычнасьць па адзіным тарыфе, паведаміў БелТА намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Кухараў. Цяпер памер платы за электраэнэргію залежыць ад таго, якая пліта стаіць у кватэры: газавая ці электрычная.

Такое рашэньне ўладаў зьвязанае з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы.

«Пасьля будаўніцтва БелАЭС у нас будзе ў дастатковай колькасьці айчыннай электраэнэргіі. Мы бачым, што зможам даць для насельніцтва танную электраэнэргію ў любых абʼёмах», — заявіў Кухараў.

Па словах віцэ-прэмʼера, цяпер пры будаўніцтве кватэраў разьлічваюць на максымальнае выкарыстаньне электраэнэргіі ў жылых дамах.

Праблему выкарыстаньня электраэнэргіі з будучай АЭС ня раз уздымаў Аляксандар Лукашэнка. Ён даў ураду ўказаньне пашырыць выкарыстаньне электраэнэргіі ў прамысловасьці, транспарце і нават ІТ-сэктары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наперадзе эра чыстай энэргетыкі». Лукашэнка ня ведае, куды падзець электраэнэргію з будучай АЭС

Раней улады плянавалі прадаваць электраэнэргію з будучай АЭС суседнім краінам, але пакуль канкрэтных дамоўленасьцяў няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы