Прадстаўнікі Слуцкага райвыканкаму і міліцыі ў вуснай форме запатрабавалі ў арганізатараў канцэрту на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну сьпіс сымболікі, якая будзе выкарыстоўвацца на мерапрыемстве. Заснавальніца і сябра Рады грамадзкага руху «Дзея» Аліна Нагорная даслала такі сьпіс, пасьля чаго начальнік аддзелу ідэалягічнай працы райвыканкаму перастаў выходзіць на сувязь.
Хто зьвяртаўся?
- Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі Слуцкага райвыканкаму Міхаіл Варабей.
- Начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Слуцкага РАУС Аляксандар Семяновіч.
Пра якую сымболіку ідзе гаворка?
Прадстаўнікі райвыканкаму і міліцыі запыталі арганізатараў канцэрту Аліны Нагорнай і Ігара Случака пра сымболіку, якая будзе выкарыстоўвацца падчас канцэрту. 19 лістапада Нагорная даслала сьпіс сымболікі і сцэнар мерапрыемства. На момант публікацыі, паводле Нагорнай, адказу ад Вараб’я няма.
Аліна Нагорная сказала Свабодзе, што на канцэрце будуць скарыстаныя:
- Сьцяг слуцкіх паўстанцаў;
- Бел-чырвона-белы сьцяг;
- Сьцяг зь гербам «Пагоня»;
- Сьцяг Слуцка;
- Банэр і ролап руху «Дзея»;
- Банэры «Няхай жыве БНР»; «100 год БНР»;
- Ролапы кампаніяў «Будзьма беларусамі» і «Умовы для мовы»;
- Сьцяг з вышыванкай;
- Паштоўкі да ўгодкаў Слуцкага паўстаньня;
- Нататнікі з выявай Юркі Лістапада;
- Кнігі «Абаронім мову!».
Што кажуць арганізатары?
Аліна Нагорная спадзяецца, што сьпіс сымболікі атрымаецца ўзгадніць з уладамі, а пасьля скарыстаць на канцэрце.
Ігар Случак называе просьбы чыноўнікаў перавышэньнем улады і службовых паўнамоцтваў, таму што:
- прапановы прадстаўнікоў міліцыі і выканкаму «ня маюць пад сабой прававой падставы;
- арганізатары арандуюць Дом культуры, дзе будзе праводзіцца канцэрт;
- герб «Пагоня» прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і прадстаўлены ў сучаснай афіцыйнай геральдыцы.