Штодня звыш 400 мільёнаў чалавек змогуць паглядзець сюжэты пра 2-я Эўрапейскія гульні, якія пройдуць 21-30 чэрвеня ў Менску.
Такую лічбу назваў дырэктар міжнародных продажаў Euronews Кіела Штайн, маючы на ўвазе агульную аўдыторыю свайго тэлеканалу.
Кіела Штайн і дырэктар фонду «Дырэкцыя другіх Эўрапейскіх гульняў 2019 году» Георгі Катулін падпісалі дамову аб інфармацыйным супрацоўніцтве. Фактычна яно пачалося 20 лістапада, калі Euronews паказаў першы сюжэт, прысьвечаны Эўрапейскім гульням 2019 году ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На падрыхтоўку да Эўрапейскіх гульняў з рэзэрваў выдзеляць 77 мільёнаў рублёўНа асноўным тэлеканале плянуецца паказ апэратыўных сюжэтаў пераважна працягам паўхвіліны. Больш падрабязна гульні можна будзе глядзець на онлайн-плятформах Euronews.
Euronews будзе паказваць ня толькі наўпроставыя рэпартажы, але і шэраг іншых матэрыялаў. Так, паводле дамовы, канал пакажа больш за 500 відэаролікаў, прысьвечаных Беларусі, у сваіх праграмах аб падарожжах і турызме «Фокус», «Мэтраполітан», «Візытоўка».
Другія Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
Аляксандар Лукашэнка дазволіў удзельнікам і гледачам спартовай падзеі бязьвізавы ўезд у краіну.
Эўрапейскія гульні-2019. Што важна ведаць?
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.